Парамонава Н.І. Метадычная скарбонка: З вопыту работы настаўніка беларускай мовы і літаратуры - файл n1.doc

приобрести
Парамонава Н.І. Метадычная скарбонка: З вопыту работы настаўніка беларускай мовы і літаратуры
скачать (1092.5 kb.)
Доступные файлы (1):
n1.doc1093kb.19.09.2012 08:50скачать

n1.doc

  1   2


Дзяржаўная ўстанова адукацыі ,,Грынкаўскі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад - сярэдняя агульнаадукацыйная школа”

Н. І. Парамонава

Метадычная скарбонка

З вопыту работы настаўніка беларускай мовы і літаратуры

Грынкі

2010

УДК 372
ББК 74.200
П 12

Аўтар-складальнік

Настаўнік беларускай мовы і літаратуры Дзяржаўнай установы адукацыі

,,Грынкаўскі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад – сярэдняя агульнаадукацыйная школа” Н. І. Парамонава

Рэкамендавана школьным метадычным саветам Дзяржаўнай установы адукацыі ,,Грынкаўскі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад-сярэдняя агульнаадукацыйная школа”
П 12 Парамонава, Н. І.

Метадычная скарбонка: з вопыту работы настаўніка беларускай

мовы і літаратуры ДУА ,, Грынкаўскі ВПК дзіцячы сад – сярэдняя

агульнаадукацыйная школа”/ аўт.-склад. Н. І. Парамонава. –

Грынкі: ДУА ,,Грынкаўскі ВПК дзіцячы сад-сярэдняя

агульнаадукацыйная школа”, 2010. - 42 с.

Выданне змяшчае тэарэтычны матэрыял, распрацоўкі ўрокаў,

заняткаў, мерапрыемстваў па беларускай мове і літаратуры, ма-

тэрыялы па рабоце з вучнямі, якія праявілі здольнасці да выву-

чэння беларускай мовы і літаратуры.


УДК 372
ББК 74.200
© Н. І. Парамонава, 2010
© АфармленнеДУА ,,Грынкаўскі

ВПК дзіцячы сад – сярэдняя

агульнаадукацыйная школа”, 2010

Уводзіны

Рэфармаванне сістэмы адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь суправаджаецца істотнымі зменамі. У наш час, калі сучасная школа знаходзіцца ў рэжыме эксперыменту, творчых пошукаў, стан беларускай школы XXI стагоддзя найперш залежыць ад настаўніка. Сённяшнім і будучым настаўнікам неабходна авалодаць сучаснымі тэхналогіямі навучання і выхавання, а таксама кіравацца ў сваёй дзейнасці навуковымі ведамі, у аснове якіх ляжыць назапашаны, сістэматызаваны і апрабаваны метадычнай тэорыяй і практыкай вопыт.

Кожны настаўнік, які хоча дасягнуць высокіх паказчыкаў пры вывучэнні свайго прадмета, заўжды знаходзіцца ў стане творчага пошуку, менавіта творчы падыход з’яўляецца асноваю педагагічнага майстэрства. Вядома, гэта патрабуе ад сучаснага настаўніка пошуку новых метадаў, прыёмаў і формаў навучання.

У сваёй педагагічнай дзейнасці я выкарыстоўваю ўвесь свой вопыт, каб ствараць на ўроку ўмовы для праяўлення і задавальнення пазнавальных і камунікатыўных патрэб вучняў. Менавіта гэтыя патрэбы з’яўляюцца штуршком для ўзнікнення матываў дзейнасці. Значыць, я павінна арыентавацца на патрэбы вучняў, выкліканыя запатрабаваннямі часу. Вядомы расійскі педагог-наватар Л. В. Занковы сцвярджаў, што ўсебаковае развіццё, духоўнае багацце не можа быць дасягнута па прымусу. Сапраўднае духоўнае багацце складаецца тады, калі чалавек сам цягнецца да ведаў, да навукі, да мастацтва. Сучасныя адукацыйныя тэхналогіі – той дзейсны сродак, які дапамагае зрабіць працэс навучання камфортным і даць нашым дзецям разам з акадэмічнымі ведамі цэлы комплекс сацыяльных.

Зразумела, што настаўнік не павінен абмяжоўвацца толькі ўрочнай дзейнасцю. На факультатыўных занятках і курсах па выбары настаўнік мае магчымасць дапоўніць, паглыбіць веды, уменні і навыкі вучняў па прадметах, навучыць самастойнай працы, развіваць творчыя здольнасці школьнікаў. На такіх занятках сумесная праца з вучнямі выклікае ў мяне задавальненне: вучні, якія іх наведваюць, самі выказалі жаданне займацца дадаткова і таму адчуваецца іх зацікаўленасць да вывучэння прадмета.

Пры арганізацыі пазакласнай дзейнасці па беларускай мове і літаратуры мне, як чалавеку дастаткова творчаму, імпануе тое, што няма абмежаванняў у выбары формаў, метадаў і прыёмаў работы. У адрозненне ад урокаў, якія маюць абавязковы характар, у пазакласных мерапрыемствах дзеці ўдзельнічаюць не дзеля адзнакі, а з-за жадання пазнаць цікавае, невядомае. Таму ў аснове пазакласнай дзейнасці павінен ляжаць прадуманы, багаты змест.

Асобае месца ў маёй педагагічнай дзейнасці, як, я ўпэўнена, і ў дзейнасці кожнага настаўніка, займае работа з вучнямі, якія праявілі здольнасці да вывучэння беларускай мовы і літаратуры. Пэўны вопыт работы з такімі школьнікамі паказвае, што без энтузіазму і зацікаўленасці настаўніка і жадання вучняў станоўчыя вынікі гэтай работы немагчымыя. На жаль, гадзіны на работу з такімі вучнямі калі і выдзяляюцца, то іх недастаткова, што і выклікае пэўныя цяжкасці.
У сваёй прафесійнай дзейнасці я імкнуся выкарыстоўваць метады і прыёмы розных сучасных адукацыйных тэхналогій. У адпаведнасці з актуальнымі запатрабаваннямі часу галоўнай задачай любой агульнаадукацыйнай установы з’яўляецца падрыхтоўка адукаванага і творчага чалавека, і для вырашэння гэтай задачы неабходна быць на хвалі часу.
Раздзел 1

Выкарыстанне сучасных адукацыйных тэхналогій на ўроках беларускай мовы і літаратуры і ў пазаўрочнай дзейнасці

Яшчэ ў XVII ст. Я. А. Каменскі ў ,,Вялікай дыдактыцы” адзначаў: ,,Правільна вучыць моладзь – гэта не значыць убіваць у галовы сабраную з аўтараў сумесь слоў, выразаў, думак, а гэта значыць – раскрываць здольнасць разумець рэчы, каб менавіта з гэтай здольнасці, быццам з жывой крыніцы, пацяклі ручайкі (веды)”. Сучасныя метадысты адзначаюць, што ўрок найперш павінен адпавядаць наступным патрабаванням:
1) настаўнік – не транслятар гатовых ведаў, ён аднадумца вучня ў пошуку ісціны, адкрыты для любой інфармацыі, станоўча настроены на

зваротную сувязь;

2) вучань – не пасіўны слухач, ён кіруе сваёй навучальнай дзейнасцю;
3) галоўнае ў працэсе навучання – ацэнка спосабаў дзейнасці школьнікаў, а вынік – не пэўная колькасць ведаў, а набытыя навыкі самастойнай працы, прага самаадукацыі, сфарміраваны вопыт творчай дзейнасці.
Для таго, каб быць паспяховым у сучасным зменлівым свеце, вучні павінны ўмець прасейваць інфармацыю і самім прымаць рашэнні аб тым, што для іх важна, а што не. Становіцца відавочным, што школьнікам неабходна ўмець рашаць складаныя праблемы, крытычна аналізуючы абставіны, прымаць прадуманыя рашэнні на аснове атрыманай інфармацыі.
На ўроках беларускай мовы і літаратуры і ў пазаўрочнай дзейнасці я актыўна звяртаюся да метадаў і прыёмаў тэхналогіі крытычнага мыслення і выкарыстоўваю іх на розных этапах заняткаў. У структуры занятка (у тэхналогіі крытычнага мыслення) вылучаюць тры стадыі: выклік, асэнсаванне, рэфлексія.

На першай стадыі – выклік – вучні атрымліваюць заданне, у час выканання якога яны адзначаюць, што ім вядома або што думаюць пра пэўнае паняцце, падзею, з’яву, заканамернасць і г.д. Роля настаўніка тут заключаецца ў тым, каб стаць правадніком для вучняў, застаўляючы іх разважаць. Прымаецца любое меркаванне, пункт погляду. У такіх умовах адбываецца працэс навучання – працэс сувязі новага з ужо вядомым. На гэтай стадыі настаўнікі могуць прапанаваць скласці кластар, асацыятыўны рад да пэўнага паняцця, звязанага з тэмай урока і г.д.
На стадыі асэнсавання вучні працуюць з вучэбным матэрыялам (часцей – самастойна): падручнікам, тэкстам, іншай інфармацыяй, якую прапануе настаўнік. Загадзя школьнікам ставяцца пэўныя пытанні або паведамляецца аб тых заданнях, якія яны будуць павінны выканаць пасля знаёмства і аналізу прапанаванага матэрыялу. Для арганізацыі работы з тэкстам удалым з’яўляецца прыём ,,Інсерт” (чытанне з алоўкам), прыём ,,Ведаю – Хачу ведаць – Даведаўся”, заданні тыпу ,,Скласці план параграфа”(тэксту), ,,Задай пытанні аднакласніку”(настаўніку) і г.д.
На стадыі рэфлексіі можна выкарыстоўваць прыём ,,Ацэначнае акно” (вучні самі адзначаюць у табліцы, якія веды па тэме занятка імі засвоены добра,якія не зусім зразумелі, што змогуць прымяніць на практыцы, а што - не) або прыём складання сінквейна (вершаванае пяцірадкоўе па тэме ўрока, занятка).

Калі вучні актыўна ўдзельнічаюць у навучальным працэсе, павышаецца іх здольнасць да разважання і разумення.
Шырока на ўроках беларускай мовы і літаратуры, на факультатыўных занятках і курсах па выбары мною выкарыстоўваюцца метады і прыёмы тэхналогіі французскіх педагагічных майстэрняў.
Сутнасць майстэрні раскрываецца праз прынцыпы яе пабудовы, якія не толькі ўяўляюць сабой арганізацыйны пачатак педагагічнай дзейнасці, але адлюстроўваюць філасофію свабоднага, гуманнага і творчага педагога:

*прынцып роўнасці ўсіх удзельнікаў працэсу навучання;
*прынцып дабравольнага ўключэння вучняў у пошукавую дзейнасць, дзеля чаго выкарыстоўваюцца спецыяльныя заданні;
*прынцып дыялагічнасці ва ўзыходжанні да ісціны на аснове спалучэння індывідуальнай і калектыўнай работы, атмасферы супрацоўніцтва, узаемаразумення, развіцця камунікатыўнай культуры вучняў;

*прынцып праблемнасці ў навучанні, якая забяспечваецца праблемным характарам заданняў, што ствараюць сітуацыі парадаксальнасці, супярэчлівасці;
*прынцып варыятыўнасці, магчымасці выбару вучнямі матэрыялу, віду дзейнасці, спосабу прад’яўлення выніек работы;

*прынцып адсутнасці адзнакі выключае спаборніцтва, суперніцтва.
Гэтыя знешнія стымулы ўступаюць месца самаацэнцы, самавыхаванню.
У залежнасці ад тэмы занятка, этапу яе вывучэння, узроўню выкладання і іншых фактараў я выкарыстоўваю розныя метады і прыёмы майстэрні.
На этапе індукцыя (лац. – увядзенне, пабуджэнне) –пачатак майстэрні, ствараецца патрэбны настрой, пачуцці вучняў пры дапамозе розных сродкаў: мелодыі, якая стварае патрэбны фон, рэпрадукцыі, кадраў з фільма, урыўкаў з вершаў, фотаздымкаў і інш.
Этап самаканструкцыя – прадугледжвае самастойнай фармуліроўкі мэты ўрока (занятка), прапанова ўласных гіпотэз вучнямі. У якасці задання для гэтага этапу ўрока вучням можна прапанаваць скласці асацыятыўны рад да пэўнага паняцця, звязанага з тэмай урока, кластар, падумаць над праблемным пытаннем, адказ на якое потым шукаецца разам.

На этапе сацыяканструкцыя – калектыўная работа ў парах, групах; сумесны пошук адказаў на пытанні, абмен ідэямі, стварэнне праектаў.
Этап сацыялізацыя – гэта прадстаўленне работ вучняў і майстра, абмеркаванне розных гіпотэз і пунктаў гледжання. У выніку ўзнікае пытанне: а як павінна быць на самой справе? І адбываецца ўсведамленне няпэўнасці, паяўляецца праблемная сітуацыя.

На этапе разрыў – эмацыянальны канфлікт, новае бачанне праблемы. Вучням прапануецца супаставіць свае гіпотэзы з меркаваннямі навукоўцаў, пісьменнікаў.

На этапе творчая праца – самастойная дзейнасць вучняў па тэме, выкананне пэўнага задання настаўніка.

Рэфлексія – вынікі працы. Рыхтуюцца пытанні агульнага плану, складаецца сінквейн, кластар.

Падрыхтоўка педмайстэрні, безумоўна, патрабуе эмацыянальных і фізічных намаганняў, але такі ўрок або занятак з выкарыстаннем метадаў і прыёмаў тэхналогіі – сапраўднае свята, якое прыносіць задавальненне і вучням, і настаўніку.

Праблема фарміравання ў школьнікаў станоўчай матывацыі да навучання стала асноўнай у педагагічнай дзейнасці настаўнікаў. У вырашэнні гэтай праблемы вядучую ролю адыгрывае выкарыстанне на ўроках метадаў і прыёмаў тэхналогіі дзелавой і займальнай гульні.
Дзелавітасць – неабходная рыса характару для кожнай асобы нашага вірлівага часу. Чалавек, які валодае ёю, звычайна арганізаваны і дакладны ў працы, умее пераадольваць цяжкасці і заўсёды дасягае пастаўленай мэты, знаходзіць рацыянальныя спосабы вырашэння праблем. Ён настойлівы, сур’ёзны, разважлівы.

Першыя асновы дзелавітасці, як вядома, закладваюцца ў сям’і. Але, зыходзячы з рэаліяў часу, галоўную ролю ў вырашэнні гэтай праблемы ўсё ж павінна выконваць сучасная агульнаадукацыйная ўстанова.
Найбольш эфектыўны метад, які далучае школьнікаў да прафесійнай дзейнасці, спрыяе развіццю творчых здольнасцяў і самастойнасці, - гэта ўвядзенне ў адукацыйны працэс сучаснай школы дзелавой гульні. Такі дыдактычны метад актывізуе асобу вучня: дае магчымасць стаць лідэрам, дапамагае запомніць значны аб’ём інфармацыі, наладзіць міжасобасныя стасункі з аднакласнікамі і настаўнікамі.
Дзелавая гульня – разнавіднасць асобасна-арыентаванай педагагічнай тэхналогіі, якая мае на мэце навучыць асобных школьнікаў ці іх групы прымаць рашэнне. Яе можна выкарыстоўваць у час выкладання асобных тэмаў па прадметах, а таксама ва ўсіх тыпах і відах урокаў, у пазаўрочнай дзейнасці.

Прапанаваная педагагічная тэхналогія цікавая для школьнікаў розных узростаў. Гэта эфектыўны і карысны від дзейнасці. Гуляць звычайна хочуць усе вучні, важна толькі ўлічыць іх узроставыя асаблівасці, правільна выбраць форму гульні і арганічна ўключыць яе ў структуру пэўнага занятка.

У педагагічнай літаратуры вызначаюцца розныя тыпы дзелавой гульні: ролевыя, імітацыйныя, арганізацыйна-дзейнасныя.
З вопыту сваёй работы можна адзначыць тое, што звычайна ў вучняў найбольшую цікавасць выклікаюць ролевыя гульні, дзякуючы якім у школьнікаў фарміруюцца некаторыя прафесійныя якасці, лідэрства, развіваецца ўменне кіраваць людзьмі. Поспех залежыць ад здольнасці вучня супрацоўнічаць з аднакласнікамі. Удзельнікі могуць пабываць у ролі настаўніка, экскурсавода, бібліятэкара, карэктара і інш. Такі падыход у выкладанні не толькі разнастаіць змест урока ці занятка, але і раскрые выхаванцам некаторыя аспекты пэўных прафесій. ,,Арфаграфічная эстафета”, ,,Карэктар”, ,,Вучань-настаўнік” - адныя з самых ужывальных ролевых гульняў на ўроках і па мовы, і па літаратуры. Аднак спіс ролевых гульняў зусім не павінен абмяжоўвацца пералічанымі, іх від і змест залежыць ад творчасці і жадання самога настаўніка, ад мэт і задач, якія ставяцца да ўрока. Напрыклад, на такім этапе ўрока, як праверка дамашняга задання, эфектыўным і цікавым будзе правядзенне гульняў ,,Гарачае крэсла” і ,,Разумная парачка”, у час якіх вучні самі павінны фармуляваць і задаваць пытанні па пройдзеным матэрыяле сваім аднакласнікам.

Не менш цікавы і займальны тып дзелавой гульні – імітацыйны, ці сцэнарны, калі ўдзельнікі выступаюць у пэўнай ролі паводле загадзя напісанага сцэнара. Тут няма аб’екта і мадэлі кіравання, як у гульні ролевага тыпу. Звычайна вучань выконвае адну ролю. Напрыклад, вядучага на літаратурным вечары, літаратурнага героя, пісьменніка, вучонага, гістарычнага дзеяча і пад. Як паказвае педагагічны вопыт, дзякуючы ўвядзенню нават элементаў імітацыі, урок становіцца запамінальным і незвычайным. У школьнікаў фарміруюцца артыстычныя здольнасці і цікавасць да прадмета, лепш запамінаецца матэрыял. Узоры такіх урокаў : урок-экскурсія, урок-прэс-канферэнцыя, урок-суд, урок-прэм’ера і пад. Настаўнік можа не будаваць цэлы ўрок па дадзенай мадэлі гульні, а выкарыстоўваць толькі яе элементы.
У час правядзення займальных гульняў тыпу ,,Што гэта за слова?”, ,,Пазнайце па апісанню”, ,,Хто хучэй?” і пад. развіваецца ўвага вучняў, памяць і ўвогуле цікавасць да вывучаемага матэрыялу. Некаторыя з падобных гульняў пабудаваны на жэстах, міміцы і пластычных рухах школьнікаў (пантамімы), дазваляецца ў асобных выпадках выкарыстанне падручных сродкаў.

Метады і прыёмы тэхналогіі дзелавой гульні шырока выкарыстоўваюцца мною ў пазаўрочнай дзейнасці.
Сёння настаўнікам прапануецца самім рабіць выбар у выкарыстанні ў сваёй прафесійнай дзейнасці метадаў і прыёмаў той або іншай тэхналогіі. Галоўнае – жаданне і ўменне самога настаўніка. Я ў сваёй рабоце не абмяжоўваюся выкарыстаннем метадаў і прыёмаў толькі названых вышэй адукацыйных тэхналогій. Пошук новага і эфектыўнага для навучання, спробы і ўкараненне ў практычную дзейнасць – маё крэда як настаўніка.
Раздзел 2
Практычная частка
2.1. План-канспект урока беларускай мовы ў 10 класе


Слайд 1. Тэма. Прыметнік: агульнае значэнне, марфалагічныя прыметы,

сінтаксічная роля

Мэты і задачы: садзейнічаць падагульненню і сістэматызацыі ведаў аб прыметніку як часціне мовы, разрадах прыметнікаў, ступенях параўнання; удасканальваць уменні вызначаць разрады прыметнікаў, утвараць ступені параўнання і правільна ўжываць іх у маўленні; ствараць тэксты з выкарыстаннем прыметнікаў, вызначаць іх род, лік, склон; выхоўваць пачуццё захаплення малюнкамі роднай прыроды.
Абсталяванне: мульцімедыйная прэзентацыя

Ход урока

1. Арганізацыйны момант.

- Сённяшні наш урок прысвечаны прыметніку. Кожны дзень мы выкарыстоўваем сотні прыметнікаў: добры дзень, вясёлы настрой, харошы чалавек і шмат іншых. А ці так добра ведаем, што такое прыметнік? На гэта пытанне мы з вамі дадзім адказ у канцы нашага ўрока.

2. Індукцыя.

Слайд 2. У якасці эпіграфа да ўрока я ўзяла ўрывак з верша М. Багдановіча ,,Зімой”, які, я спадзяюся, вы пазналі, бо верш гэты вучылі на памяць у 5-ым класе. Давайце яго зачытаем.
Эпіграф:

Здароў, марозны, звонкі вечар! Здароў, скрыпучы мяккі снег! Мяцель не вее, сціхнуў вецер, І волен лёгкіх санак бег. Як мары, белыя бярозы

Пад сінявой начной стаяць, У небе зоркі, ад марозу

Пахаладзеўшыя, дрыжаць.

Максім Багдановіч
- Думаю, гэты ўрывак выклікаў у вас добры настрой. На працягу ўрока нас будуць суправаджаць выявы зімы – фотаздымкі знаёмых вам мясцін. Маю надзею, што гэта таксама будзе спрыяць вашай працы на ўроку.
3.Самаканструкцыя.

А зараз – за работу!

  1. Адшукайце і назавіце ўжытыя ў вершы М. Багдановіча прыметнікі. Звярнуць увагу вучняў на словы волен (каротк.форма прым.) і пахаладзеўшыя (дзеепрым.)

  2. Як адрозніць прыметнік ад дзеепрыметніка?

  3. Слайд 3. - Якія, на вашу думку, пастаўлены сёння да ўрока мэты і задачы?

Прапаную вам словы-падказкі:

*Паўтарыць …

*Замацаваць...

*Удасканальваць уменні …

Слайд4. Прыметнік як часціна мовы.

- Давайце ўспомнім і паўторым усё вядомае вам пра прыметнік з вывучанага ў папярэдніх класах.

* Агульнае значэнне прыметніка. (Абазначае прымету прадмета)

* Разрады прыметніка паводле значэння. (Якасныя, адносныя і прыналежныя)
* Марфалагічныя прыметы. (Род, лік, склон)

* Сінтаксічная роля. (Азначэнне, выказнік)

Слайд 5. - Давайце больш падрабязна разгледзім з вамі разрады прыметнікаў паводле значэння, іх асаблівасці.

**Якасныя прыметнікі …

**Адносныя прыметнікі …

** Прыналежныя прыметнікі …

- Калі ў каго-небудзь узнікнуць цяжкасці, можна выкарыстаць матэрыял падручніка на стар. 129.

4. Замацаванне.

Слайд 6. Практыкаванне 1
Выпішыце словазлучэнні з якаснымі прыметнікамі. (Самастойная работа)

Вішнёвы сад, вішнёвыя вочы, залатая восень, учарашні дзень, пяцікілаграмовыя гіра, доўгая дарога, сумленны чалавек, ластаўчына гняздо, зялёны колер.

Слайд 7. Правер сябе

Словазлучэнні з якаснымі прыметнікамі:
Вішнёвыя вочы, залатая восень, доўгая дарога, сумленны чалавек, зялёны колер.

Слайд 8. Практыкаванне 2
Назавіце словазлучэнні з прыналежнымі прыметнікамі
Унукава цацка, баброва шапка,чарапахавы суп, Наташын аловак,
мядзведжая паслуга, бабулін шалік, асліная ўпартасць, бусліны клёкат, яблыневы цвет.

Слайд 9. Правер сябе

Словазлучэнні з прыналежнымі прыметнікамі:

Унукава цацка, Наташын аловак, бабулін шалік.

Слайд 10. Хвілінка адпачынку.

Слайд 11. Ступені параўнання якасных прыметнікаў

Праца з матэрыялам падручніка на стар.130-131. Адказаць на пытанні:
- Што было вядома ?

-Аб чым новым даведаліся?

Слайд 12. Практыкаванне 3

Запішыце ў два слупкі словазлучэнні: у першы – ад якіх утвараецца ступень параўнання, у другі – ад якіх нельга ўтварыць ступені параўнання. (Самастойная работа вучняў).

Шырокая рэчка, вядомы пісьменнік,тэлевізійны вечар, салодкія ўспаміны, буланы конь, босы хлопчык, добры настрой, старажытны перыяд, жаўтаваты колер.

Слайд 13. Правяраем. Вусна патлумачыць свой выбар.

Шырокая рэчка тэлевізійны вечар
вядомы пісьменнік буланы конь

салодкія ўспаміны босы хлопчык
добры настрой жаўтаваты колер
старажытны перыяд

Слайд 14. Практыкаванне 4. Работа на картачках (у парах).
У якіх сказах дапушчаны памылкі пры ўтварэнні ступеняў параўнання прыметнікаў? Запішыце правільны варыянт.

1. Самы найлепшы адпачынак – гэта адпачынак на ўлонні прыроды.
2. Сёння выдаўся марознейшы дзень. 3. Зіма – самая прыгожая пара года.
4. Самае найпрыгажэйшае ўбранне дрэвы апранаюць зімой. 5. Летнія дні даўжэйшыя за зімовыя.

Слайд 15. Праверым. Правільны варыянт.
1. Самы добры (найлепшы) адпачынак – гэта адпачынак на ўлонні прыроды.
2. Сёння выдаўся марозны (больш, самы марозны) дзень. 3. Зіма – самая прыгожая пара года. 4. Самае прыгожае (найпрыгажэйшае) ўбранне дрэвы апранаюць зімой. 5. Летнія дні даўжэйшыя за зімовыя.
5.Творчая праца.

Слайд 16. Практыкаванне 5

Складзіце невялікі тэкст на тэму ,, Зіма – чараўніца”. Вызначце род, лік і склон прыметнікаў.

6. Дамашняе заданне.

Параграф 23, практыкаванне 181.

7. Рэфлексія.

- Успомніце, якія мэты і задачы ставіліся намі да ўрока.

Ці дасягнулі мы пастаўленых мэт?

8. Ацэнка работы вучняў на ўроку.

2.2. План-канспект урока беларускай літаратуры ў 9 класе


Тэма. Жыццё і творчы шлях Францішка Багушэвіча. Разважанне паэта пра месца паэта і паэзіі ў жыцці народа ў вершы ,,Мая дудка”
Мэты і задачы ўрока: дапамагчы асэнсаваць складанасць гістарычных умоў, у якіх ішло станаўленне творчасці Ф. Багушэвіча; развіваць аналітычнае мысленне вучняў, уменне супастаўляць і рабіць высновы; на прыкладзе жыцця і творчасці пісьменніка ствараць умовы для выхавання грамадзянскай пазіцыі.

Абсталяванне: мульцімедыйная прэзентацыя, выстава кніг Ф. Багушэвіча

Ход урока

  1. Індукцыя.

Зачытаць эпіграф да ўрока.

Эпіграф: Шчаслівы той, хто знайшоў сваю справу;

няхай ён не шукае іншага шчасця.

У яго ёсць справа і мэта жыцця.

Карлейль
-Растлумачце сэнс дадзенага выказвання.

2. Праца па тэме ўрока.

- Паслухайце наступныя выказванні вядомых беларускіх пісьменнікаў.
,,Памяць памершага шаную глыбока і вестку аб яго смерці прыняла з сардэчнай слязой. Быў ён адным з высакароднейшых людзей, якія служылі нашай зямлі, а для мяне асабіста – адным з вельмі нямногіх сяброў. Успаміны аб ім для мяне вельмі дарагія і сумныя”. Элаіза Ажэшка.
,,Па духу, па спосабу думання, па ідэалогіі ўся наогул паэзія вельмі нацыянальная, так што ён – наш першы нацыянальны паэт у поўным сэнсе гэтага слова”. Максім Гарэцкі.
- Гэтыя словы сказаны пра беларускага паэта канца XIX стагоддзя, рэвалюцыянера-дэмакрата Францішка Багушэвіча.

Паказваецца партрэт паэта.

- Сучаснікі паэта, якія яго добра ведалі, падкрэслівалі дзейсную дабрыню, чалавечнасць, шчырасць, мужнасць гэтага чалавека. Ва ўсіх яго справах выяўляліся вялікая павага і любоў да чалавека-працаўніка, клопат аб шчасці роднага краю.

- Тэма нашага ўрока сёння ,,Жыццё і творчы шлях Францішка Багушэвіча.Разважанне паэта пра месца паэта і паэзіі ў жыцці народа ў вершы ,,Мая дудка”.

- Сёння на ўроку мы з вамі:

1. Пазнаёмімся з жыццём і дзейнасцю Францішка Багушэвіча;
2. Вызначым асаблівасці творчасці Францішка Багушэвіча – пачынальніка крытычнага рэалізму ў беларускай літаратуры, яго паэтычнае крэда;

3. Зробім аналіз верша паэта ,,Мая дудка”, вызначым пафас твора і яго мастацкую своеасаблівасць.

3. Сацыяканструкцыя.

- Работа на ўроку будзе арганізавана ў трох групах: група ,,Гісторыкі”, група ,,Біёграфы”, група ,,Літаратары”.

- Францішак Багушэвіч пражыў усяго 60 гадоў. Ён нарадзіўся ў 1840 годзе, а ўжо ў 1900 годзе яго не стала. Удумайцеся ў гэтыя даты, успомніце з урокаў гісторыі Беларусі, якія важныя падзеі адбываліся ў гэты час, што мелі лёсавызначальнае значэнне для нашага народа.
Групе ,,Гісторыкаў” было дадзена заданне падрыхтаваць да ўрока неабходны матэрыял па дадзеным заданні. Вам слова.
(Выступленне вучня з групы ,,Гісторыкаў”, які паведаміць пра такія важныя падзеі, як адмена прыгоннага права, паўстанне пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага, правядзенне царскай Расіяй усеахопнай русіфікацыі краю: забарона на пісьмовае ўжыванне беларускай мовы, ператварэнне нашай краіны ў Паўночна-заходні край, жорсткая расправа ўлад з удзельнікамі паўстання і г.д.)

-Польскі літаратар Напалеон Роўба, сябар паэта, успамінаў:
,,Цяжкім было жыццё летуценніка, які меў надзвычайна ўражлівае сэрца і моцна развітае пачуццё назіральнасці. Слёзы і смутак не пакідалі яго ніколі – ні сярод сваіх, ні ў далёкіх краях, дзе так доўга вымушаны быў знаходзіцца, - і спадарожнічалі яму аж да апошняй хвіліны жыцця…”
-Дык якім жа было жыццё Францішка Багушэвіча? Давайце бліжэй пазнаёмімся з асобай паэта. Групе ,,Біёграфаў” трэба было да ўрока падрыхтаваць паведамленне пра жыццё і дзейнасць Францішка Багушэвіча. Вам слова.

(Выступленне вучня з групы ,,Біёграфаў.” Жыццё і дзейнасць Францішка Багушэвіча.

Нарадзіўся Ф. Багушэвіч 21 сакавіка 1840 года ў фальварку Свіраны, непадалёку ад Вільні, у шляхецкай сям’і.

У 1846 годзе Багушэвічы пераехалі на Ашмяншчыну ў фальварк Кушляны. Сям’я складалася з сямі чалавек, жылі не ў вялікім дастатку, хоць і моцна трымаліся за шляхецкія традыцыі.

Францішак Багушэвіч паходзіў са збяднелай беларускай шляхты,
пазбаўленай саслоўнай пыхі. Дзіцячыя гады паэта прайшлі ў асяроддзі, блізкім да сялянскага. Тут выхоўваліся прастата і шчырасць, павага да людзей працы. Любілі кнігі, музыку, народныя песні, сціплы жарт. Гэта любоў у паэта засталася на ўсё жыццё. Бацькі пісьменніка не забаранялі дзецям кантактаваць са сваімі равеснікамі з прыгонных сялян. Гэта спрыяла таму, што Францішак Багушэвіч добра ведаў жыццё сацыяльных нізоў. У хаце вяліся гутаркі пра адносіны некаторых суседзяў да сваіх прыгонных, якія не вызначаліся гуманізмам. Бацька пісьменніка добра разумеў і высока цаніў ролю адукацыі ў жыцці грамадства і асобнага чалавека, імкнуўся даць яе сваім дзецям. Маёмаснае становішча, аднак, было такім, што сродкаў на адукацыю не хапала, даводзілася ісці на прыніжэнне, апеляваць да ўлад, каб дазволілі яго дзецям вучыцца бясплатна. Такую просьбу Казімір Багушэвіч напісаў, адпраўляючы Францішка пасля хатняга навучання ў Віленскую гімназію. Перад гэтым Францішак Багушэвіч атрымаў адукацыю ў 4-х класнай школе, дзе вучылі па-польску.

1852 – 1861 – гады вучобы ў Віленскай гімназіі, тут навучалі на рускай мове. Гэта былі бурныя рэвалюцыйныя гады, калі народ паўстаў супраць царызму, супраць эксплуатацыі працоўных. Ужо ў тыя гады Ф. Багушэвіч не застаўся ў баку ад падзей, што адбываліся ў краіне. Непрымірымасць да прыгнёту стала яго запаветам на ўсё жыццё. Пасля выдатнага заканчэння гімназіі была спроба набыць і вышэйшую адукацыю. У 1861 годзе ён паступае ў Пецярбургскі ўніверсітэт.
Але, не прабыўшы ў ім і трох месяцаў, пакінуў навучанне, матывуючы свой учынак станам здароўя, хоць прычыны былі іншымі – нязгода з новымі ўніверсітэцкімі правіламі. Удзельнічаў у студэнцкіх хваляваннях. Багушэвіч вяртаецца на Радзіму. Некаторы час працуе настаўнікам у вёсцы Доцішкі Лідскага павета, дзе яго і застае паўстанне 1863 года. Ф. Багушэвіч апынуўся ў віры рэвалюцыйных падзей.
Паэт прыняў актыўны ўдзел у рэвалюцыйных падзеях: выступаў з прамовамі перад сялянамі, удзельнічаў ва ўзброеных сутычках з царскімі войскамі. Быў паранены ў нагу, яго паставілі на ногі незнаёмыя сяляне. Уся сям’я Багушэвічаў прымала ўдзел у вызваленчай барацьбе, падтрымлівала яе ўдзельнікаў грашыма, харчамі, вопраткай. Пасля разгрому паўстання пачаліся рэпрэсіі. Яны не абмінулі і сям’ю Багушэвічаў : былі арыштаваны сястра Ганна, брат Апалінар і бацька, а Валяр’ян і Францішак, якія змагаліся са зброяй у руках, вымушаны былі пакінуць Радзіму.

Пасля разгрому паўстання, каб пазбегнуць праследавання і пакарання, Багушэвіч едзе на Украіну. Паэт нават уявіць сабе не мог, што яго выгнанне расцягнецца на доўгія 20 гадоў. Тут, на Украіне, з дапамогай вядомага польскага вучонага Яна Карловіча, Багушэвіч паступае ў 1865 годзе вучыцца ў Нежынскі юрыдычны ліцэй. Заканчвае яго ў 1868 годзе. З 1869 года Ф. Багушэвіч працуе ў розных судовых установах, пераважна на Украіне.

Тут жа, на Украіне, паэт ажаніўся. 15 верасня 1874 года Францішак Багушэвіч бярэ шлюб з Габрыеляй Шклёнік. І толькі ў 1884 годзе, пасля аб’яўлення амністыі ўдзельнікам паўстання 1863 года, разам з сям’ёй вяртаецца на Радзіму і займае месца прысяжнага паверанага – адваката ў Віленскім акруговым судзе.

У хуткім часе Ф. Багушэвіч заслужыў ганаровае найменне – мужыцкі адвакат, абаронца сялян. Такія прыярытэты ў выбары кліентаў не забяспечвалі пісьменніку дабрабыту, але па-іншаму жыць не мог, хоць сям’я патрабавала выдаткаў : трэба было вучыць дзяцей, а лішніх грошай не было; даводзілася пазычаць. Рэпутацыя народнага заступніка насцярожвала начальства. Але Багушэвіч ганарыўся гэтай славай. Ён ахвотна браўся весці такія справы, дзе можна было дапамагчы бедным і прыніжаным людзям, пісаў прашэнні ад імя сялян. І людзі ішлі да яго за парадай, за дапамогай, як да свайго чалавека. Сучаснікі паэта, сяляне, успамінаюць: ,, Добры быў чалавек, ой добры. Любіў ён нас, сялян. З намі заўсёды ахвотна размаўляў на беларускай мове”.
Памёр Францішак Багушэвіч 15 красавіка 1900 года ў Кушлянах. На пахаванне сабралася шмат людзей : сяляне з навакольных вёсак, сябры паэта – усе тыя, для каго Багушэвіч так многа зрабіў пры жыцці, аддаючы ўсяго сябе шчыраму служэнню народу, абароне яго правоў на чалавечае жыццё, развіццю яго культуры. Пахаваны Ф. Багушэвіч у Жупранах.)

4. Разрыў.

-Францішак Багушэвіч – самая значная і яркая фігура ў гісторыі беларускай літаратуры парэформеннага часу. Паслярэформенны перыяд новай беларускай літаратуры – гэта час далейшай яе дэмакратызацыі, станаўленне яе вядучага літаратурнага напрамку – крытычнага рэалізму.
-На мінулым уроку мы з вамі пазнаёміліся з такім літаратурным напрамкам як РЭАЛІЗМ. Дайце яго азначэнне. (Адказы вучняў).
- У вас на партах ляжаць літаратуразнаўчыя слоўнікі. Знайдзіце і зачытайце азначэнне паняцця КРЫТЫЧНЫ РЭАЛІЗМ. (Выкананне задання вучнямі).

-А зараз давайце падагульнім вашы адказы. Крытычны рэалізм – мастацкі метад, які ў еўрапейскіх літаратурах пачаў развівацца ў першай палове XIX ст. У беларускай літаратуры атрымаў сваё развіццё ў 80-90 гг. XIX ст. Пісьменнікі, якія працавалі ў рэчышчы крытычнага рэалізму, выступалі з бязлітаснай крытыкай уласніцкага свету, свету насілля і дэспатызму”.
5. Фізкультхвілінка

6. Сацыяканструкцыя 2.

- Асноўнай тэмай дэмакратычнай беларускай літаратуры становіцца праўдзівы паказ паслярэформеннай вёскі, асноўным вобразам – вобраз селяніна, які бачыць сацыяльную несправядлівасць і пачынае ўсведамляць сваю чалавечую годнасць. Давайце зараз пазнаёмімся з літаратурнай дзейнасцю Францішка Багушэвіча. Групе ,,Літаратараў” было дадзена заданне пазнаёміцца з творчасцю паэта і знайсці падцвярджэнне таму, што Багушэвіч сапраўды працаваў у рэчышчы крытычнага рэалізму. Вам слова.

(Выступленне вучняў з групы ,,Літаратараў”.

Чытанне першым вучнем верша А. Гурыновіча ,,Дзякуй табе, браце, Бурачок Мацею…”

Дзякуй табе, браце, Бурачок Мацею,

За тое, што ў сэрцы разбудзіў ты надзею, Што між братоў нашых знаходзяцца людзі З кахаючым сэрцам і баляшчай грудзяй.

Дзякуй табе, браце, і за тыя словы,

Што ўспомнілі гукі нашай роднай мовы.
Бяры, браце, дудку, наладзь і жалейку, Няхай песнь смутная ідзе ў калейку

І будзіць у сэрцах мысль аб лепшай долі,
Якой мы не зналі дагэтуль ніколі.
- Мацей Бурачок – гэта псеўданім Францішка Багушэвіча.

Выступленне другога вучня. Творчасць Францішка Багушэвіча.
Як нам стала ўжо вядома, Францішак Багушэвіч пасля 20-ці гадоў вымушанага выгнання ў 1884 годзе вяртаецца на Радзіму і ўладкоўваецца на працу ў Віленскім акруговым судзе. У віленскі перыяд жыцця пачынаецца актыўная літаратурная і культурная асветніцкая дзейнасць паэта. Багушэвіч не мог цалкам аддацца любімай справе – літаратурнай дзейнасці. Час адбіралі праца ў судзе, клопаты аб сям’і. Пісанне беларускіх вершаў не толькі не прыносіла якіх-небудзь матэрыяльных выгод, а, наадварот, патрабавала грашовых затрат і вялікіх турбот для іх выдання. Добра, што хоць знаходзіліся людзі, сябры, якія дапамагалі ў гэтай цяжкай і складанай справе.

Аднак друкаваць свае творы на Радзіме Багушэвіч не мог. Царызм праследаваў беларускую дэмакратычную літаратуру. Таму першыя кнігі Багушэвіча выходзяць за мяжой. У 1891 годзе ў Кракаве пад псеўданімам Мацей Бурачок паэт надрукаваў зборнік вершаў ,,Дудка беларуская”. Там жа , праз год, асобнай кніжачкай было надрукавана першае беларускае апавяданне ,,Тралялёначка” без імя аўтара на вокладцы.
У 1894 годзе ў Пазнані пад псеўданімам Сымон Рэўка з-пад Барысава Багушэвіч выдаў зборнік ,,Смык беларускі”. Пасля былі спробы выдаць на Радзіме кнігу вершаў ,,Беларуская скрыпачка” і зборнік апавяданняў ,,Беларускія расказы”, але царская цэнзура не прапусціла іх у друк, і яны так і не дайшлі да чытача. Акрамя вершаваных твораў і нешматлікіх апавяданняў, з літаратурнай спадчыны Багушэвіча да нас дайшлі публіцыстычныя выступленні ў віленскіх і пецярбургскіх газетах і часопісах, пісьмы да сяброў – Элізы Ажэшка і Яна Карловіча.

Ва ўсіх гэтых творах – паэтычных, празаічных, публіцыстычных, у пісьмах да сяброў Багушэвіч выступае як шчыры абаронца народа, сялянскі дэмакрат, поўны нязломнай і неўтаймоўнай рашучасці змагацца за праўду да канца. Прыслужнікі самадзяржаўя баяліся твораў паэта. У 1908 годзе, не ведаючы, што паэта няма ўжо сярод жывых, яны наладзілі судовае праследаванне зборнікаў паэта.

Такім чынам, рэалізм Францішка Багушэвіча мае крытычны характар. Аб гэтым сведчаць усе яго творы, у якіх непасрэдна ідзе размова пра народнае жыццё, пра беларускага селяніна і яго прыгнятальнікаў – паноў і чыноўнікаў. Сваім галоўным пафасам творы Багушэвіча скіраваны на выкрыццё існуючага ладу).
  1   2


Дзяржаўная ўстанова адукацыі ,,Грынкаўскі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад - сярэдняя агульнаадукацыйная школа”
Учебный материал
© nashaucheba.ru
При копировании укажите ссылку.
обратиться к администрации