Сямашка Я.I. Армія Краёва на Беларусі - файл n1.doc

приобрести
Сямашка Я.I. Армія Краёва на Беларусі
скачать (2023 kb.)
Доступные файлы (1):
n1.doc2023kb.18.09.2012 20:42скачать

n1.doc

  1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   20




Яўген

Сямашка
Армія

Краёва

на

Беларусі
Мінск

Беларускае выдавецкае Таварыства "Хата"

1994

ВБК 68,46 СЗО

УДК 355.35 (438+476) (091)+(947,0+943.8)

Рэцэнзенты: прафесар, доктар гіст. навук А, Ф. Хацкевіч, дацэнт, кандыдат гіст, навук Б. 3. Даўгатовіч.

Сямашка Я. I. Армія Краёва на Беларусі.— Мн,: Беларускае выдавецкае Таварыства "Хата", 1994.—416 с, І8ВК 985-6007-09-7

Гэту кнігу пачытае беларус, паляк, рускі, украінец, літовец. Успрымуць неадназначна. Але не застануцца абыякавымі. Ніхто.

Перакананасць наша ад ведання матэрыялаў, фактаў. Прыведзеныя дакументы, верыцца, нікога не пакінуць абыякавымі. Ні таго, каго саджалі, ні таго, хто саджаў.

Дзейнасць Арміі Краёвай на Беларусі да гэтага часу фактычна "белая пляма" для нашага чытача. Пры напісанні кнігі аўтар выкарыстаў шматлікую літаратуру, выдадзеную на Захадзе, асабліва ў Польшчы, матэрыялы архіваў. Многія прыведзеныя ў кнізе дакументы друкуюцца ўпершыню. Ахопліваюцца падзеі ад верасня 1939 г. да жніўня 1954 г,

Дадзены слоўнік незразумелых слоў і тэрмінаў. Для масавага чьітача.
"Армія Краёва: зараджэнне, дзейнасць, фініш. Невядомыя старонкі беларускай гісторыі. I не толькі беларускай — польскай, рускай, літоўскай, украінскай таксама.

Жыццё даваеннай і пасляваеннай Беларусі ў непрыфарбаваным выглядзе. Дэпартацыі. Рэпрэсіі. Падполле. Дыверсіі. Тэрор.

Жорсткія кровапралітныя схваткі. Клубок супярэчнасцяў.

Трагічныя лёсы ўдзельнікаў драматычных падзеяў суровага ваеннага часу.

Пошукі выйсця з заблытаных гістарычных лабірынтаў. Два бакі рэабілітацыі.

Гародня, Вільня, Палессе, Менск, Варшава, Ліда, Масква, Лондан — у гэтых і другіх мясцінах жывуць і змагаюцца героі і антыгероі кнігі.

Першая кніга на Беларусі і СНД (СССР), дзе амаль поўная непрычасаная праўда пра Армію Краёву.

Гэта не чытанка для душы, гэта кніга для роздуму і сэрца".

Крыніца: http://jivebelarus.net/
Армія Краёва на Беларусі.

Я. Сямашка 19.01.2008

ТРЭБА РАСЧЫСЦІЬ ПОЛЕ Уступнае слова аўтара

Частка 1 Прадвеснікі вайны

Яшчэ да вайны

Абшар Беласток

Канспірацыя на Віленшчыне

Яны ішлі на ўсход

Пад ударамі НКУС

Узняўся меч над Віліяй

Арышты і дэпартацыя

Частка 2 Пад знакам канцэпцыі “двух ворагаў”

У новых абставінах

"Ціхацёмныя"

"Вахляж"*

"Вахляж". Участак III.

"Вахляж". Участак IV. Мінскі кірмаш

"Вахляж". Участак IV. Мінская трагедыя

"Вахляж". Участак V.

План "Навальніца" ("Бура")

Палеская акруга АК

Арганізацыйная структура і кадравы склад Палескай акругі АК (паводле Чэслава Голуба)

Навагрудская акруга АК

Віленская акруга АК

У пошуках паразумення

Канфрантацыя

Свая кашуля бліжэй да цела

Аперацыя "Вострая Брама"

Частка 3 Схватка даўжынёй ў 10 гадоў

З Рудніцкай пушчы ў Рускую (Гродзенскую)

Калі вайна адкацілася на захад

Пеленгатар зафіксаваў

"Рагнар" і другія

Пасля загаду пра роспуск Арміі Краёвай

Атаманшы

Пераломны 1948-ы

Няўлоўны "Олех"

Вяртанне нелегалаў

Свой сярод чужых

Тэрор і яго ахвяры

Адзіночкі

Было, прайшло, не вернецца... Замест заключэння

Максімальнае прыбліжэнне да берагу праўды

Тлумачэнні незразумелых словаў і назваў арганізацыяў якія сустракаюцца ў кнізе

Крыницы

Трэба расчысцiць поле. Уступнае слова аўтара.

Ранняя вясна 1957 года. Паўстанак. Прыкладна пяцьдзесят кіламетраў да Літвы і сто да Польшчы. Сонечна, холадна. Дзьме сухі, пранізлівы вецер. На высокім чыгуначным насыпе стаю з бацькам, чакаем прыгараднага поезда. Побач — мужчыны з ваколіцы, рабочыя, едуць на друіую змену. Пыхкаюць самакруткамі, вядуць няспешную размову пра жыццё-быццё. Падышоў яшчэ адзін пасажыр. Прывітаўся, спыніўся непадалёк, павярнуўся плячыма ў бок ветру, таксама закурыў, моцна закашляўся. Незнаёмцу гадоў пад сорак, у яго выхудлы, бледны твар. Адзеты ў ватнік цёмна-шэрага колеру, на нагах кірзавыя боты, на галаве — паношаная выцвілая кепка, якая калісьці, пэўна, была чорнай. Мужчыны на імгненне прыціхлі, затым адзін спытаў напаўголас:

Хто гэта?

А ты што - не пазнаў? - таксама паціху прамовіў другі.

Рышард Кміта вярнуўся. Памятаеш, у Станкевічах жыў. Чуў я, у Варкуце сядзеў, на шахце тыраў. Відаць, хапануў ліха. Паслухай, як бухае — нібыта ў бочку.

А-а-а... Чаму ж не памятаю. У белых1 служыў. Бач, давалі ні то пятнаццаць, ні то ўсе дваццаць, а ён, выходзе, і дзесяці не адсядзеў.

Вось яно як, выходзіць, не такія яны і вінаватыя былі,- заўважьіў хтосьці з размоўцаў.

-- Кінь-кінь,— далучыўся да гутаркі чалавек у форменай фуражцы чыгуначніка.— У нас проста так не сядзяць. Было за што.

Садзілі, ды яшчэ як,- запярэчыў чыйсьці голас.— Вазьмі тыя ж Станкевічы. Мужчынаў хапалі, разумею, было за што. А жанчынаў бралі за што? Нават з груднымі дзяцьмі звозілі. Усю вёсачку дачыста вымялі. Ды і мужчыны не ўсе былі замешаныя. Хоць бы гэты Рышард. Чым правініўся? Брат яго старэйшы, Антак, той сапраўды з карабінам швэндаўся. А Рышард увесь час дома сядзеў, са старым гаспадарку цягнуў. Нічога дрэннага не рабіў. А замялі.

— Скуль ведаеш?-- не пагаджаўся чыгуначнік.-- Дыму без агню не бывае...

Загудзеў паравоз, размова абарвалася гэтак жа раптоўна, як і пачалася. Усе кінуліся да вагонаў. У дарозе бацька неахвотна паддаўся на мае роспыты, коратка паведаў пра драматычныя падзеі, надараныя тут у канцы красавіка 1949 года, пра горкі лёс жыхараў невялічкай вёскі Станкевічы на Лідчыне.

У адной з яе хатаў спынілася на начлег група "белых". На досвітку яе акружылі энкавэдзісты, як называлі жыхары супрацоўнікаў дзяржбяспекі. Завязалася перастрэлка. Страты былі з абодвух бакоў. Частцы начлежнікаў удалося вырвацца з акружэння, уцячы.

Жыхары Станкевічаў спазналі пекла.

Так я ўпершыню, яшчэ ў дзяцінстве, пачуў у вагоне поезда пра акаўцаў2.

На працягу пасляваенных дзесяцігоддзяў на тэму Арміі Краёвай (АК) на Беларусі ляжала табу. Нельга сказаць, што пра яе зусім не ўспаміналася публічна. Але тыя звесткі, якія трапляліся ў друку, давалі няпоўную і, што горш ад усяго, скажоную карціну. Напрыклад, у "Советском энциклопедическом словаре" 1987 г. выдання сказана: "Армія Краёва ў 1942—1945 дзейнічала пад кіраўніцтвам польскага эмігранцкага ўрада ў акупаванай фашысцкай Германіяй Польшчы. Кіраўніцтва АК арганізавала і пачало Варшаўскае паўстанне 1944".

Як быццам аўтар энцыклапедычнага артыкула не ведаў, што Армія Краёва дзейнічала ў Заходняй Беларусі і ў Заходняй Украіне, на тэрыторыі Літвы і нават Латвіі, быццам ён не чуў пра працэс шаснаццаці ў Маскве ў чэрвені 1945 г. і пра тое, што здарылася з рэшткамі фарміраванняў АК у пасляваенны час.

У беларускай гістарычнай і мемуарнай літаратуры дастаткова добра адлюстравана баявая садружнасць беларускіх і польскіх партызанаў пад лозунгам "За вашу і нашу свабоду!". Яны мужна змагаліся ў савецкіх партызанскіх брыгадах і злучэннях, у асобных польскіх атрадах і групах пад кіраўніцтвам Вацлава Альхімовіча і Адама Свентажэцкага.

Нямала старонкаў гэтай тэме прысвечана і ў 3-томным фунда- ментальным даследаванні "Всенародная борьба в Белоруссии против немецко-фашистских захватчиков".

А дзейнасць на тэрыторыі Беларусі Арміі Краёвай, калі не лічыць некалькі ўрывачных звесткаў у газетных артыкулах апошніх гадоў, для беларускага чытача да гэтага часу застаецца "белай плямай" гісторыі. Замоўчвалася. Як і замоўчваліся прычьны Катынскай трагедыі. Рабілася гэта, каб пазбегнуць складанасцяў у адносінах — і без таго азмрочаных мноствам супярэчнасцяў імклівага дваццатага веку - паміж дзвюма суседнімі дзяржавамі, а таксама з-за боязі вярэдзіць незагоеныя раны ад рэпрэсіяў.

Даваў сябе адчуваць навязаны зверху і падхоплены знізу беспрынцыповымі гісторыкамі і аўтарамі мемуараў антыгістарызм. Доўгі час многія падзеі і з’явы мінуўшчыны асвятляліся ў крывым люстэрку. Замоўчванне і скрыўленне да дабра не даводзяць. Падзеі былога ўсё часцей асвятляліся хлусліва — за рубяжом і ў нас.

Людзям патрэбна праўда, якая б горкая яна ні была. I калі мы не на словах, а на справе хочам добрасуседскіх адносінаў з палякамі

а гэтага якраз і патрабуюць доўгатэрміновыя інтарэсы незалежнай Беларусі,— мы павінны перш за ўсё расчысціць поле, на якім хочам сустракацца з суседзямі, ад непаразуменняў.

Адным з метадаў такога ачышчэння з'яўляецца ўзаемнае праўдзівае асвятленне ўсіх выкрунтасаў і закутаў гісторыі. Мы не хочам нікога асуджаць, хваліць, папракаць. Мы хочам зразумець — сябе, сябра, суседа. Балазе па-сапраўднаму зразумець суседа — значыць, лепш пазнаць самога сябе.

Каб дайсці да сутнасці падзеяў, адбываных у заходніх абласцях Беларусі ў 1939—1952 гг., трэба звярнуць позірк у мінуўшчыну рэгіёна, пазнаць атмасферу грамадска-палітычнага жыцця ў міжваеннае дваццацігоддзе і напярэдадні нямецкай акупацыі, дак- ладна ўяўляць расстаноўку сілаў у перыяд фашыстоўскай навалы.

Неабходна памятаць, насельніцтва краю на працягу многіх стагоддзяў перацярпела шэраг сапраўды ўнікальньіх і беспрэцэдэн- тных гістарычных пераменаў, сацыяльна-палітычных узрушэнняў. Вузел, які быў завязаны ў Крэўскім замку (Смаргонскі раён), так і застаўся неразвязаным да апошняга часу — што б там ні гаварылі палітыкі, якім бы міралюбівым тонам ні былі прасякнуты заявы сучасных дзяржаўных дзеячаў Беларусі, Літвы, Польшчы і Украіны. Не сакрэт, што ў гэтых чатырох дзяржавах, асабліва цяпер, калі яны сталі незалежнымі, у некаторых колах грамадстваў, і перш за ўсё ў асяродках інтэлігенцыі, назіраецца незадаволенасць існуючым статус-кво. Ёсць тэрытарыяльныя прэтэнзіі, узнікаюць пытанні ў сувязі з адраджэннем культуры нацыянальных меншасцяў, не ўсё так гладка ў адносінах паміж рэлігійнымі канфесіямі...

А тады, у канцы 14 ст., і феадалы Вялікага княства Літоўскага, і польскія феадалы, прымаючы ўмовы Крэўскай уніі, мелі свой інтарэс. Першыя хацелі на землях ВКЛ аслабіць уплыў Маскоўскага княства, другія — пашырыць свае ўладанні за кошт беларускіх, літоўскіх і ўкраінскіх земляў.

Па ўмовах уніі Ягайла абавязаўся разам з падданымі прыняць каталіцкую веру. I ён стрымаў слова — прыняў каталіцтва, атрымаў імя Уладыслаў, ажаніўся з польскай каралевай Ядзвігай і быў абраны каралём, адначасова застаючыся вялікім князем літоўскім. Праз два гады пасля уніі адбылося хрышчэнне літоўскага насельніцтва па каталіцкаму абраду. Пры ўмове прыняцця каталіцтва феадалам выдавалася грамата, у адпаведнасці з якой яны набывалі болыпыя правы, свабоды і прывілеі. Таму частка беларускіх і ўкраінскіх магнатаў, праследуючы чыста карыслівы інтарэс, таксама пачалі прымаць каталіцтва і пераймаць польскую мову, змушаючы да гэтага

дзе бізуном, дзе пернікам — і сваіх падданых.

На беларускіх землях пачалі ўзводзіцца касцёлы і кляштары, будаўніцтва якіх шчодра падтрымлівалася Ватыканам і каралеўскім дваром. Каталіцкае веравызнанне хацелі зрабіць адзіным на ўсёй тэрыторыі ВКЛ. Але большасць беларускага насельніцтва, асабліва сялянства, захоўвала праваслаўную веру, нацыянальную культуру і мову сваіх продкаў.

Пачалося многавяковае супрацьстаянне і саперніцтва. Яго не змаглі пераадолець ні тры падзелы Рэчы Паспалітай, ні далейшыя войны, паўстанні і рэвалюцыі. У нейкай ступені — яны засталіся і па сённяшні дзень. Ад трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795) улада і дзяржаўнасць тут мянялася сем (!) разоў. Гэты рэгіён — тэрыторыя шматвяковага сумеснага пражывання беларусаў, палякаў, "тутэй- шых", літоўцаў, татараў. Усё гэта, зразумела, наклала свой адбітак на псіхалогію мясцовых жыхараў, іх жыццёвы ўклад, традыцыі, звычкі, характар.

Як вядома, па ўмовах Рыжскага мірнага дагавора ад 18 сакавіка 1921 г. да Польшчы адышла значная частка заходніх беларускіх земляў. Да пачатку другой сусветнай вайны насельніцтва "Крэсув Всходніх" было падвергнута масіраванай ідэалагічнай апрацоўцы пад знакам нацыяналізму і вялікадзяржаўнага польскага шавінізму. Нацыяналістычная польская прапаганда для свайго ўздзеяння мела даволі багатую спрыяльную глебу. Ні для каго не з'яўляецца сакрэ- там, што частку польскага насельніцтва ўсё яшчэ абцяжарвалі крыўды, абразы і прадузятасці рускіх, застаныя з часоў "падзелаў" і царызму, нядобразычча да рускіх перадавалася з пакалення ў пакаленне.

Сказалася рэха вайны 1920 г., калі Чырвоная Армія (у паняцці людзей — руская) грабіла, забівала багата мірных людзей. Дарэчы, арміі Тухачэўскага не мелі правіянтных складаў. Забяспечваліся самастойна, самахапам.

Давалі таксама пра сябе знаць рэлігійныя фактары, пазіцыя касцёла.

3 другога боку, не забудзем, рэжым санацыі да беларусаў ставіўся як да людзей другога гатунку. Асабліва пакутавала беларускае сялянства. Большасць яго, беззямельнае і малазямельнае. жыло ў крайняй беднасці. Сяляне вымушаны былі працаваць за мізэрную плату ў паноў і асаднікаў сезоннымі рабочымі і парабкамі. За адзін прыём да доктара трэба было плаціць 2 злотыя — кошт аднаго пуда хлеба.

У пошуках лепшае долі многія выязджалі на Захад. Дастаткова сказаць, што з беларускіх "крэсаў" з 1925 па 1939 г. эмігрьіравалі ў Заходнюю Еўропу і Амерыку 78 тысяч чалавек. Безумоўна, у гаротным становішчы жылі і польскія рабочыя, сяляне, рамеснікі. Хваля за хваляй накатваліся масавыя пратэсты. У забастоўках, мітынгах, дэманстрацыях беларусы плячо ў плячо выступалі з польскім працоўным людам.

Але цяжкі сацыяльны прыгнёт беларусаў перамяжоўваўся з абсалютным нацыянальным бяспраўем. Калі ў 20-х гг. было адкрыта 78 беларускіх школ і 4 гімназіі, то ў канцы 30-х гг. усе яны былі закрытыя. Непісьменным стала амаль палавіна насельніцтва. Нават сама беларуская мова апынулася пад забаронай. Не было нацыяналь- ных тэатраў, пазакрываліся клубы, бібліятэкі, створаныя беларускімі культурна-асветніцкімі таварыствамі. Людзі, якія належалі па свайму паходжанню, духоўнаму складу, мове да беларускай этнічнай супольнасці, на практыцы былі пазбаўлены права звацца беларусамі. Польскае ярмо для беларусаў было не лягчэйшае ад ярма рускага для паляка. Прыціск пальшчызнаю беларускасці на адвеку беларускай зямлі быў невыносны для кожнага хоць чуць-чуць свядомага, разум- нага. Беларускасць пальшчызна заганяла туды, куды немцы, каб не Ягайла са сваімі дружынамі, загналі б польскую нацыю — у нябыт.

Як немцы ў XIV стагоддзі абнямечвалі Маравію, Сілезію, вярхі кароны Польскай, так палякі вынішчалі ўсё беларускае на "Крэсах Усходніх". На зямлі беларускай.

—Выжылі. Але ўжо не ласкай, ксяндзоўскімі хцівымі абяцаннямі, а сілаю. Пад шыльдаю закону.

Сёння мы жывём у час вострых ацэнкаў і пераацэнкаў мінуўшчыны. Не трэба заплюшчваць вочы на тое, пгго і зараз асобныя навукоўцы лічаць, быццам жыццё пад Полыпчай было вялікім шчасцем для насельнікаў Заходняй Беларусі. Маўляў, такім чынам народу ўдалося пазбегнуць масавых сталінскіх рэпрэсіяў і калектывізацыі.

Іншыя навукоўцы імкнуцца прадставіць уз’яднанне "крэсаў" з Савецкай Беларуссю "насільным далучэннем". Маўляў, "савецкая акупацыя" прынесла народу Заходняй Беларусі адны беды і няшчасці.

Мы не спрачаемся ні з тымі, ні з другімі. Мы не апраўдваем і не ганім. Болей таго, мы запрашаем нас дапоўніць, паправіць.

Вядома ж, няма і не будзе апраўдання ганебным злачынствам перыяду культу асобы. Не забудзем толькі, што і ў вольнай Полыпчы часоў Пілсудскага арганізоўваліся карныя экспедыцыі для падаўлення шматлікіх сялянскіх выступленняў, што звычайным фактам поль- скага грамадскага жыцця сталі суды над рэвалюцыянерамі. "Славу- тая" Картуз-Бяроза, Віленскія Лукішкі, Гродзенская турма былі перапоўнены палітвязнямі. Усё гэта было. Ніякія спробы затушаваць ці абяліць падзеі даўно праляцелых дзён не дабавяць аўтарытэту перапісвальнікам падручнікаў па гісторыі Беларусі, Польшчы, Расіі, Літвы... Бо яшчэ нікому не ўдавалася нанава перабудаваць мінулае жыццё, якое ўжо не вернеш.

Каб не надта радаваліся цяпер "свабодалюбныя" Англія ці Францыя (не будзем нават успамінаць Германію ці ЗША, Японію ці Аргенціну) нашым славянскім бедам, непаразуменням, самадурству, то няхай абернуцца на сябе і сваё мінулае. Адразу супакояцца. Гэта ў іх цягнуліся войны па 30 і нават 100 гадоў, гэта ў іх стагоддзямі прыцясняюць рэлігійныя фанаты адзін аднаго. У іх і цяпер гучаць узрывы бомбаў, стрэлы. Не сціхаюць усё 20-е цывілізаванае стагоддзе. Успомнім Ольстэр, Ірландыю.

Ёсць сэнс задумацца над тым, што піша чалавек, якога ніяк нельга западозрыць у сімпатыях да бальшавікоў і Саветаў. Вось урывак з успамінаў пра той час былога ўладальніка маёнтка, у будучым — паручніка, камандзіра аднаго з буйнейшых партызанскіх атрадаў Стаўбцоўскага злучэння Арміі Краёвай Каспера Мілашэўскага:

"Я нарадзіўся 5 лютага 1914 года ў маёнтку Брынічава Стаўбцоўскага павета Навагрудскага ваяводства. Майго бацьку звалі Адольф, а маці — Элена. Яна паходзіла з сямі Вераксаў, была ўнучкай удзельніка паўстання 1863 г. Бацькі займаліся сельскай гаспадаркай, у нас было 60 гектараў раллі, так што матэрыяльна нам былося не найгорш.

Зямля ўсходняй Навагрудчыны была заселена народамі дзвюх нацыянальнасцяў. Сярод насельніцтва на паўднёвым захадзе ад верхняга цячэння Нёмана 80 працэнтаў складалі беларусы, а каля 20 — палякі, у асноўным рэшткі дробнай засцянковай шляхты, уладальнікі фальваркаў і маёнткаў, вайсковыя асаднікі. На паўночны ўсход ад Нёмана ў болыпасці жылі палякі. Праўда, яны найчасцей карысталіся беларускай мовай, аднак лічылі сябе палякамі, бо належалі да рымска-каталіцкага веравызнання, і сваіх суседзяў з-за Нёмана называлі "рускімі", або "кацапамі". Да асіміляцыі паміж гэтымі этнічнымі групамі не даходзіла, ва ўсякім разе, шлюбы паміж прадстаўнікамі гэтых групаў не заключаліся.

Сацыялістычныя ідэі, праніклыя з-за ўсходняй граніцы, сярод католікаў прыжываліся слаба — у значнай ступені заслонай на іх шляху зяўлялася санацыйная структура. Зусім інакш было на супрацьлеглым беразе Нёмана. Народ убогі, гаспадаркі невялічкія альбо зусім карлікаватыя, поўная адсутнасць прамысловых прад- прыемстваў, а значыць, і заробкаў, голад на прадвесні — усё гэта падштурхоўвала бядноту да шукання нейкага выйсця. Таму прапа- ганда, асабліва па радыё з Мінску, тут з поспехам уздзейнічала на людзей. Сацыялістычныя лозунгі сярод убогага насельніцтва карысталіся вялікай папулярнасцю. Аднак прыхільнікаў другога грамадскага ладу санацыйныя ўлады садзілі ў турмы ці высылалі ў лагер у Бярозе Картузскай"3.

3 гэтых словаў бачна, што не было міру ў грамадстве. Канфлікт выспяваў як на сацыяльнай глебе, так і на нацыянальнай аснове, патрабаваў развязкі.

Для многіх яна надышла нечакана. Ва ўсякім выпадку ніхто і прадбачыць не мог, што верасень 1939 г. з'явіцца крутым паваротам для ўсяго насельніцтва Заходняй Беларусі. Паварот гэты закране ўсіх, няглёдзячы на нацыянальнасць, веравызнанне, сацыяльны статус. Адкрывалася новая, нязведаная старонка гісторыі.

Што тычыцца ўз’яднання беларускага народа ў адну сям'ю, то сама наша рэчаіснасць найлепшым чьшам пацвярджае справядлівасць і наспелую неабходнасць гэтага гістарычнага акта... Сведка вераснёўскіх падзей 1939 г. народны паэт Беларусі Максім Танк праз 50 гадоў сказаў так: "Ніякім зводкам, рэляцыям, больш познім сведчанням гісторыкаў не пад сілу перадаць той энтузіяям і радасць, з якімі працоўныя Заходняй Беларусі віталі Чырвоную Армію».

Як бы хтосьці цяпер ні гаварыў, якую б гіпотэзу ні вьшучаў, ніхто не зможа аспрэчыць былога. На самай справе просты беларускі люд сустракаў новую ўладу з захапленнем, хлебам-соллю, чым мог памагаў ёй. У польскім грамадстве "крэсаў" уз'яднанне беларусаў было ўспрынята з боллю, нават выклікала варожую рэакцыю.

Яшчэ болей узмацнялі такую варожасць грубыя парушэнні законнасці, атмасфера рэпрэсій, падазронасці, недаверу. Сярод розных слаёў польскага насельніцтва выспявала супраціўленне. Калі дакладней, то яно зараджалася адразу пасля прыходу савецкіх войскаў на тэрыторыю Заходняй Беларусі.

Многія польскія ваеннаслужачыя, у першую чаргу афіцэры, якім удалося пазбегнуць палону, не склалі зброі, перайшлі на падпольнае становішча, хаваліся ў лясах, склепах. Былы сакратар Аўгустоўскага павятовага камітэта партыі Беластоцкай вобласці Мікалай Аўхімовіч успамінае, што толькі ў гэтым павеце ў канцы 1939 г. дзейнічала каля 50 польскіх узброеных групаў. Яны не давалі супакою органам Савецкай улады ні днём, ні ўначы.

Такая сітуацыя, хоць у меншых маштабах, была характэрнай і для іншых паветаў (раёнаў) заходніх абласцей.

Такім чынам, зародкі Арміі Краёвай і папярэднічалых ёй падпольных арганізацый і ўзброеных групаў на беларускай зямлі пачалі з’яўляцца задоўга да прыходу нямецкіх захопнікаў. Польскія даследчыкі сёння не аспрэчваюць гэта.

Разглядаючы прававыя аспекты дзейнасці Арміі Краёвай на Беларусі, гісторыкі з Польшчы прыйшлі да наступнай высновы: змену граніцы пасля 17 верасня 1939 г. польскі бок не мог прызнаць да Патсдамскай канферэнцыі 1945 г., а гэта значыць, поўнасцю правамочным быў загад польскага ўрада ў эміграцыі пра стварэнне ваенных структураў у межах даваенных граніцаў і барацьбе за незалежнасць у межах Другой Рэчы Паспалітай (1918—1939 гг.).

Пагаджацца з такой высновай ці не? Думаем, для кожнага свядомага беларуса гэта пытанне гучыць чыста рытарычна. Рыжскі дагавор быў для беларуса несправядлівым, ён раз'ядноўваў адзінакроўных братоў. Вось чаму ў асноўнай сваёй масе беларускае насельніцтва з непрыхільнасцю ставілася да барацьбы акаўцаў, галоўнай мэтай якой было імкненне павярнуць назад кола гісторыі.

Разам з тым мы павінны аддаць даніну павагі тым удзельнікам Арміі Краёвай, якія змагаліся з фашысцкімі акупантамі, ушанаваць памяць тых, хто загінуў ад нямецкай кулі і застаўся навекі ляжаць у беларускай зямлі.

Трэба разумець, у вачах нашага народа наўрад ці могуць быць героямі тыя, хто пасля ліпеня 1944 і аж да 1954 г. хаваўся са зброяй у беларускіх лясах. Не толькі хаваўся. Ахвяры самі рабілі ахвярамі другіх, невінаватых.

Ваенны, старшыня калгаса, настаўнік, сельсаветчык, доктар, кінамеханік, член сям’і неўпадабанага чалавека мог загінуць ад акаўца ні за панюх табаку. Пакрыўджаны, неабачна падвучаны на благое, крыўдзіў невінаватых, пладзіў крыўды. Тэрарызавалі беларускія вёскі... бо тут забітыя ўпалоханыя праслаўныя людзі не маглі раскідаць калгас.

На беззаконнае "энкавэдэшнікаў", якія скрыўлялі законы аб памілаваннях і амністыях, яны адказвалі сваім беззаконнем. Беларусы стралялі беларусаў. Удзень — міліцыя і органы бяепекі, уначі - акаўцы.

Колькі гэта магло цягнуцца?..

Кніга не прэтэндуе на ўсебаковую і вычарпальную распрацоўку складанай і вострай тэмы. Наша мэта — паказаць некаторыя важнейшыя вехі дзейнасці Арміі Краёвай на Беларусі, расказаць пра сталыя вядомымі трагічныя выпадкі, якія надоўга азмрочвалі адносіны паміж суседзямі за Бугам, пасеялі недавер і падазронасць паміж праваслаўным і каталіцкім насельніцтвам Заходняй Беларусі.

Мы хочам атрэсці павуцінне плёткаў, чуткаў, домыслаў, свядомай хлусні...

Дык разбяромся. Расчысцім поле ад камення.

Частка І.

Прадвеснікі АК

Яшчэ да вайны

Абшар Беласток

Канспірацыя на Віленшчыне

Яны ішлі на ўсход

Пад ударамі НКУС

Узняўся меч над Віліяй

Арышты і дэпартацыя
Яшчэ да вайны

Верасень 1939 г. прынёс насельніцтву Заходняй Беларусі кардынальныя змены ва ўсіх сферах грамадска-палітычнага і эканамічнага жыцця. Кастрычнік-лістапад характарызаваўся даволі талерантнымі адносінамі савецкай адміністрацыі да мясцовых жыхараў. Польскія чыноўнікі і службоўцы ніжэйшага рангу, акрамя асобаў, належных да рэпрэсіўнага апарату, засталіся на сваіх пасадах, дапамагалі ствараць органы новай улады. Функцыі дзяржаўнай міліцыі выконвала рабочая міліцыя. Ва ўсіх дзяржаўных установах беларуская, польская, руская і яўрэйская мовы лічыліся раўнапраўнымі. Праводзіўся добраахвотны набор насельніцтва на вугальныя шахты Данецкага басейна. Была ўведзена ўсеагульная абавязковая адукацыя для дзяцей і моладзі.

У верасні - лістападзе 1939 г. 40-50 тысяч польскіх ваеннапалонных - радавых салдатаў - былі адпушчаныя на свабоду. Тычылася гэта галоўным чынам тых, хто пражываў на тэрыторыях, занятых Чырвонай Арміяй, перш за ўсё - украінцаў і беларусаў. Ад верасня да лістапада прыкладна 25-30 тысяч былых польскіх ваеннаслужачых уцяклі з палону ў часе маршаў, пераезду з лагераў, бо, па пазнейшых прызнананнях некаторых з іх, у той час ахова была не вельмі пільнай. Усе яны аселі на Заходняй Беларусі і Заходняй Украіне, прычым большасць з іх, як правіла, адразу ўлівалася ў рады падпольнага польскага супраціўлення.

У снежні 1939- студзені 1940 г. былі нацыяналізаваныя фабрыкі, заводы, банкі і сістэма гандлю. Панская зямля была перададзена ва ўласнасць дзяржавы. У дзяржаўных установах, гандлёвых кропках пачалі ўводзіцца як абавязковыя беларуская і яўрэйская мовы. Правялі нацыяналізацыю жылых памяшканняў. У якасці грашовай адзінкі рубель замяніў злоты. Пасля выбараў у дзяржаўных установах сталі пераважаць беларусы, рускія і яўрэі. Польскіх служачых і настаўнікаў бязлітасна звальнялі. Са школьных праграмаў выключылі нывучэнне гісторыі Польшчы, зменшылі гадзіны навучання польскай мове - на 50 % у параўнанні з выкладаннем беларускай і рускай. 3 дзяржаўных будынкаў зніклі шыльды з польскімі надпісамі. Пачалі арыштоўваць падазраваных дзеячаў палітычных арганізацыяў, афіцэраў, паліцэйскіх.

У лютым - ліпені 1940 г. пачалася рэарганізацыя мясцовых органаў улады па ўзорах Усходняй Беларусі. Стала праводзіцца калектывізацыя. Выдаваліся пашпарты. Пачаўся першы этап дэпартацыі мясцовага насельніцтва і бежанцаў з цэнтральнай Польшчы* Быў аб'яўлены прызыў у Чырвоную Армію. Закрылі граніцу з немцамі і забаранілі выезд у прыгранічныя раёны.

* Другі этап дэпартацыі пачаўся ў красавіку 1940 г., трэйці - у ліпені 1940 г., чацвёрты (незакончаны)- у чэрвені 1941 г. Усяго з Заходняй Беларусі за гэты час было дэпартавана больш за 120 тысячаў чалавек.

Са жніўня 1940 г. і па чэрвень 1941 г. сталі трохі лагоднейшыя адносіны савецкіх уладаў да польскага насельніцтва. Польская мова зноў пачала вяртацца ў надпісах на шыльдах дзяржаўных установаў, назвах вуліцаў і г. д. Вярнулася яна і ў школы. У дзяржустановы пачалі прымаць былых польскіх служачых, настаўнікаў.

У перабудовачныя і постперабудовачныя часы многа сказана і напісана пра заганныя метады сталінскага кіравання ў сферы нацыянальнай палітыкі, назаўжды публічна і афіцыяльна асуджаны злачынствы і рэпрэсіі супраць цэлых народаў, у тым ліку беззаконне і дэпартацыі ў адносінах да польскага насельніцтва, апынулага ў 1939 г. у складзе СССР. Дарэчы, гэтыя бесчалавечныя акцыі сталі адной з важнейшых прычынаў росту польскага супраціўлення Саветам у пасляваенны перыяд.

Так, усё гэта было: здзекі, ссылкі, лагеры, рознага роду ўціскі. Але не трэба кідацца з адной крайнасці ў другую, не трэба маляваць мінуўшчыну адной фарбай - белай, чорнай ці чырвонай. Паказ жыцця польскага насельніцтва ў азначаны перыяд на тэрыторыі былога СССР як паласу безупыннага нацыянальнага прыгнёту не адпавядаў бы гістарычнай праўдзе. Пра гэта сведчыць практыка культурна-асветніцкай дзейнасці бальшавіцкіх уладаў сярод палякаў Заходняй Беларусі, у тым ліку развіццё народнай асветы на Беласточчыне.

У перадваенны час у былой Беластоцкай вобласці існавала 859 польскіх школаў, у іх займалася больш за 112 тысяч дзяцей, 470 беларускіх школ, іх наведвалі каля 300 тысяч вучняў. У Беластоку, Гародні, іх ваколіцах у той час пражывала каля 300 тысяч жыдоў, пагэтаму пачала стварацца сетка пачатковых і сярэдніх школаў з жыдоўскай мовай навучання,чаго не было пры Польшчы.

У верасні - лістападзе 1939 г. у Беластоку было 55 школаў усіх тыпаў, у тым ліку 6 дзяржаўных гімназій, 6 прыватных гімназій, педагагічны ліцэй, гандлёвы ліцэй. У 1940/41 вучэбным годзе на іх базе пачаліся стварацца тэхнікумы, дзесяцігодкі, сямігодкі, пачатковыя школы. Усе прыватныя навучальныя ўстановы сталі дзяржаўнымі.

Ствараліся новыя школы. Было адкрыта 95 сярэдніх і 108 няпоўных сярэдніх, у тым ліку 47 школаў для польскіх дзяцей і моладзі. Не хапала будынкаў, таму ў Беластоцкай вобласці пад новыя школы былі прыстасаваны 73 былыя маёнткі, якія наведвалі 10 тысяч вучняў. Статыстыка сведчыць, што да пачатку 1940 г. на тэрыторыі Заходняй Беларусі існавала на 25 % школ больш, чым год таму.

Калі польскія даследчыкі, былыя і сённяшнія, дапускаем, свядома перакручваюць, уводзяць у зман цяперашняга чытача пра адносіны "праклятых" Саветаў, рускіх, украінцаў і беларусаў да бедных палякаў на "Крэсах Усходніх", то беларускія, рускія, украінскія ператалмачы розных узроўняў паўтараюць іх версіі, на наш погляд, з-за аднаго... гультайства і недасведчанасці. Лянота хадзіць у архіў, пацікавіцца данымі тагачасся; не ведае спраў у школах, бальніцах і ведаць не хоча...

Адбыліся значныя паблажкі для развіцця польскай культуры і мастацтва. У 1940 г. у Беластоку пачаў працаваць дзяржаўны драматычны тэатр. Ім кіраваў Аляксандр Вянгерка. На сцэне тэатра былі пастаўлены спектаклі па творах вядомых польскіх драматургаў: "Інтрыга і каханне" Лявона Шыллера, "Мараль пані Дульскай" і 'Панна Малішэўская" Габрыэлі Запольскай, "Пажыццёвая рэнта" Аляксандра Фрэдра, "Кардзіян" Юліуша Славацкага, "Вяселле і лістападавая ноч" Тадэвуша Выспянскага. Дырэктар Аляксандра Вянгерка ўкараняў у тэатры польскую рэвалюцыйную традыцыю і падкрэсліваў, што "тэатр можа быць найлепшым правадніком камуністычнай ідэалогіі ў працоўныя масы". Спектаклі ішлі на польскай мове, на сцэне выступалі папулярныя ў той час акцёры: Ірына Бароўская, Яцэк Вашчаровіч, Севярын Бутрым, Толя Манкевіч, Анатоль Шалаўскі і інш. Пры тэатры, зазначым, паспяхова дзейнічала студыя для моладзі.

У Гародні пад кіраўніцтвам вядомага цяпер маскоўскага дзеяча культуры Сяргея Абразцова быў створаны лялечны тэатр, у ім працавалі Зося Ліснеўская, Ярэма Вальфіш. Такі самы тэатр быў адкрыты ў Навагрудку.

У кастрычніку і лістападзе 1940 г. урачыста адзначалі 85-ю гадавіну з дня смерці Адама Міцкевіча. У склад усесаюзнай камісіі па правядзенні ўрачыстасцяў у гонар вялікага польскага паэта, створанай пры Саюзе пісьменнікаў СССР, побач з іншымі славутымі пісьменнікамі таго часу ўвайшлі Янка Купала, Якуб Колас і Максім Танк. Шматлікія ўрачыстыя мерапрыемствы ў гонар ушанавання памяці Адама Міцкевіча адбываліся ў Мінску, Беластоку, Гародні. У Навагрудку быў адкрыты музей паэта, які існуе і па сённяшні дзень.

16 красавіка 1941 г. бюро ЦК КП(б)Б прыняло рашэнне пра заснаванне ў Гародні музея польскай літаратуры імя Элізы Ажэшка. Гэтая пастанова з'яўлялася вынікам бязмернага імкнення польскага насельніцтва да захавання сваёй культурнай і літаратурнай спадчыны, зберажэння лепшых нацыянальных традыцыяў, з аднаго боку, і сведчыла пра павагу новай улады да тых польскіх дзеячаў, якія ўнеслі важкі ўклад у скарбонку сусветнай навукі і культуры, з другога боку.

3 1 кастрычніка 1940 г. у Мінску пачала выдавацца на польскай мове штодзённая грамадска-палітычная і эканамічная газета "Штандар вольнасці" ("Сцяг свабоды"). Яе галоўным рэдактарам быў паляк з Усходняй Беларусі, пісьменнік і літаратурны крытык Сцяпан Майхровіч. У склад рэдакцыйнай калегі ўваходзілі Яніна Бранеўская, Людвік Главацкі і Канстанты Ансельм. Галоўны рэдактар у першым нумары абвяшчаў, што "Штандар вольнасці" будзе газетай для шырокіх працоўных масаў палякаў, прызываў да ўдарнай працы ў імя дабрабыту народа і эканамічнага развіцця Беларусі, Савецкага Саюза. Пры гэтым напамінаў пра шматгадовую барацьбу польскага народа супраць буржуазнага і панскага прыгнёту, пра польскія турмы і класавы ўціск. Газета неўзабаве стала надта папулярнай, у яе з'явілася шырокае кола аўтараў, няштатных карэспандэнтаў, галоўным чынам з Гародні і Беластока. На старонках "Штандара вольнасці" адлюстроўваўся шырокі тэматычны дыяпазон: ад асвятлення эканамічнай і палітычнай сітуацыі ў рэспубліцы, краіне і свеце, праблемаў школьнага навучання і развіцця культуры да разгляду пытанняў з далёкага гістарычнага мінулага польскага народа, перыядаў паўстанняў і нацыянальна-вызваленчых рухаў.

Газеты на польскай мове выдаваліся ў іншых мясцовасцях. Некаторыя з іх, напрыклад "Новэ жыце" ("Новая жизнь") у Граеве, "Нова Ломжа" (Новая Ломжа"), выходзілі на дзвюх мовах адначасова. Акрамя гэтага, не забудзем, на абласных радыёстанцыях былі створаны польскамоўныя рэдакцыі.

Намі прыведзены ўсяго некалькі штрыхоў, якія, магчыма, дадуць сённяшняму чытачу, асабліва маладому, хаця б павярхоўнае ўяўленне пра вельмі складаную, да немагчымасці супярэчлівую і разам з тым жорсткую даваенную рэчаіснасць.

Вярталіся дамоў польскія ваеннапалонныя, хаця далёка не ўсе (яшчэ раз ўспомнім Катынь!), адкрываліся новыя школы, тэатры, праводзіліся ўшанаванні і ўрачыстасці, выдаваліся газеты, дзяліліся паміж галотай і няграматнай польскаю большасцю землі паноў і асаднікаў...

I на фоне ўсяго гэтага арышты, тэрор, дэпартацыі, расстрэлы. Такі быў суровы час. Ён дыктаваў людзям свае, няпісаныя законы, уцягваў у віхуру падзеяў, з якой далёка не ўсе выйшлі жывымі.

Усё ж запамятаем: большасць бедных палякаў (сялянаў, рабочых) вольна ўздыхнула пры "праклятых" Саветах. Дарэчы, як і беларусы, украінцы, рускія. Перакосаў, крыўдаў было мноства, але менавіта пасля 1917 г. стала магчымым жыхару СССР вучыць у тэхнікуме і інстытуце не аднаго. а ўсіх дзяцей (калі яны генна былі здольныя да засвойвання ведаў). Той жа працэс шырокапатокна ішоў і на Заходняй Беларусі. Зпрычыненыя няпраўды вярхам і няпраўдачкі нізам, на наш погляд, нашмат перакрываліся станоўчым, плюсавым.

Польскія ксяндзы і афіцэры - разумныя людзі - ведалі пра мінусы і плюсы старога і новага жыцця. Аднак вярбоўкаў новых і новых рэкрутаў у свае шэрагі не спынялі.

Чаму? Дзеля чаго? Што атрымалі?

На колькі мага аб'ектыўна працягнем свой аповяд далей і на гэтыя пытанні адкажам не мы - вы самі, пашанотныя чытачы.

Абшар Беласток

27 верасня 1939 года, напярэдадні акупацыі немцамі Варшавы, на Мокатаўскім лётным полі побліз сталіцы прызямліўся самалёт. Прыбылы на ім сувязны прывёз з Румыніі пісьмо галоўнакамандуючага польскімі ўзброенымі сіламі маршала Рыдз-Сміглы. Гэта быў загад кіраўніцтву абароны Варшавы пра стварэнне падпольнай ваеннай арганізацыі. Загад як бы ўзаконьваў, даваў "дабро" на падрыхтоўку канспіратыўнай сеткі. Прадбачылая хуткая капітуляцыя ўжо ішла ў Варшаве поўным ходам.

Тайную арганізацыю назвалі "Служба за перамогу Польшчы" (SZP - СЗП). Яе кіраўніком быў прызначаны Міхаіл Такажэўскі-Карашэвіч. 13 лістапада па загаду генерала Уладыслава Сікорскага, які ў Парыжы ўзначальваў новы польскі ўрад у эміграцыі і польскія ўзброеныя сілы за мяжой, арганізуецца "Саюз узброенай барацьбы" (ZWZ - ЗВЗ). 3 сікораўскім ЗВЗ паступова аб'ядналіся СЗП і шэраг іншых канспіратыўных фарміраванняў.

Дыяпазон уплыву СЗП пашыраўся на тэрыторыю былых "крэсаў". Пра гэта сведчыць іх арганізацыйная структура. Уся тэрыторыя" 2-й Рэчы Паспалітай была падзелена на 6 так званых абшараў. Адзін з іх - "Беласток". Ён ахопліваў усю Заходнюю Беларусь. Кожны абшар з лета 1940 г. дзяліўся на ваенныя акругі, яны супадалі з межамі былых ваяводстваў. Такім чынам, Беластоку падпарадкоўваліся Палеская і Навагрудская акругі. Віленская акруга, у якую ўваходзіла значная частка беларускай тэрыторыі, уключна Маладзечна і Верхнядзвінск, дзейнічала самастойна.
  1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   20


Учебный материал
© nashaucheba.ru
При копировании укажите ссылку.
обратиться к администрации