Культура Беларуси в европейском контексте (лекции на белорусском языке) - файл n1.rtf

Культура Беларуси в европейском контексте (лекции на белорусском языке)
скачать (1124.4 kb.)
Доступные файлы (1):
n1.rtf1125kb.12.09.2012 14:22скачать

n1.rtf

  1   2   3   4   5   6   7   8


Лекцыя 1..Еўрапейская цывілізацыя і культура:

тэарэтычныя аспекты праблемы.
2 Нам даволі часта прыходзіцца сустракаць тэрмін еўрапейская культура. Што ён уласна азначае? Што ўваходзіць у паняцце еўрапейская культура? Нам падаюцца дастаткова зразумелымі такія паняцці, як французская культура, нямецкая, расійская. А ці можна весці гутарку пра еўрапейскую культуру? Ці можа ў гэты тэрмін укладаецца толькі акрэсленне геаграфічнай прыналежнасці? Што значыць быць чалавекам еўрапейскай культуры? Ці належыць беларуская культура да еўрапейскай не толькі ў геаграфічным сэнсе, але яшчэ паводле нейкіх сутнасных элементаў? Тут мы сутыкаемся з цэлым шэрагам вельмі складаных тэарытычных пытанняў і навуковых праблем, якія дагэтуль застаюцца дыскусійнымі ў беларускай і замежнай гуманістыцы. Каб знайсці адказы на гэтыя пытанні неабходна звярнуцца да даўняй гісторыі, прасачыць працэсы развіцця беларускай культуры ва ўзаемасувязі з агульнаеўрапейскімі і сусветнымі культурнымі працэсамі.

1 Напачатку патрэбна вызначыцца з самім паняццем культура. Гэта не зусім простая задача, як можа паказацца на першы погляд. Хоць мы вельмі часта ўжываем тэрмін культура ў сваім штодзённым жыцці, часта не можам даць яму дакладнага вызначэння. У гуманістыцы існуе ўжо некалькі сотняў дэфініцый гэтага тэрміну. Па сутнасці, кожны навуковец, які даследуе розныя праблемы культуры, спрабуе стварыць уласнае вызначэнне. Не будзем паглыбляцца ў дэталі, а скарыстаем адно з найбольш шырокіх і адначасова простых вызначэнняў: Культура – гэта сукупнасць матэрыяльных і духоўных каштоўнасцяў, створаных чалавецтвам у яго гісторыі. Большасць даследчыкаў разумее культуру як больш шырокую з’яву, чым опера, паэзія, жывапіс, балет і іншыя набыткі мастацтва. Вельмі плённым з’яўляецца, на нашу думку, бачанне культуры як традыцыйных спосабаў мыслення, паводзінаў і ўзаемадзеянняў людзей. У гэтым сэнсе культура ёсць вынік навучання, г.зн. мадэлявання паводзін чалавека ў канкрэтных абставінах і асяроддзі .

2 Тэарэтычным падмуркам для нашых далейшых разважанняў можа паслужыць тэорыя цывілізацый, якой прытрымліваліся ў той ці іншай ступені такія вядомыя мысліцелі як Арнольд Тойнбі, Фернан Брадэль, Піцірым Сарокін, Самуэль Ханцінгтон і інш. На іх думку, гісторыя чалавецтва – гэта гісторыя цывілізацый. Тут нам неабходна падрабязней спыніцца на разглядзе тэрміну цывілізацыя. Гэты тэрмін мае лацінскае паходжанне. Сivilis у часы антычнасці азначаў грамадзянскае, дзяржаўнае. У падобным значэнні ён часам выкарыстоўваецца і ў беларускай мове: цывільнае права, цывільны чалавек у адрозненні да вайскоўца. Напачатку тэрмін цывілізацыя выкарыстоўваўся ў супрацьпастаўленні цывілізацыя – варварства. У гэтым значэнні ён вельмі часта ўжываецца і зараз. Славуты нямецкі філосаф Освальд Шпенглер у сваёй працы Закат Еўропы ўжываў слова цывілізацыя для акрэслення перыяду заняпаду пэўнай культуры. Матэрыяльная цывілізацыя супрацьпастаўлялася ім духоўным вартасцям культуры. Названыя ж вышэй навукоўцы ўжывалі тэрмін цывілізацыя ў множным ліку, разумеючы пад цывілізацыяй пэўную культурную тоеснасць. Гісторыю чалавецтва яны разглядалі як паўставанне, суперніцтва і заняпад розных цывілізацый. А.Тойнбі налічваў аж 23 цывілізацыі. Іншыя даследчыкі знаходзяць толькі сем асноўных цывілізацый.

Узнікае пытанне: Што ж такое цывілізацыя? Для вядомага французскага гісторыка Ф.Брадэля яна з’яўляецца "прасторай", "культурным абшарам", "зборам рыс і з’яў культуры". На яго думку: "Цывілізацыя самы старажытны персанаж у гісторыі чалавецтва: эканомікі змянялі адна другую, палітычныя інстытуты разбураліся, грамадствы прыходзілі адно за другім, але цывілізацыя працягвала свой шлях“. С.Ханцінгтон называе Ц. каштоўнасці, нормы, інстытуты і спосабы мыслення, якім чарговыя пакаленні дадзенай супольнасці надаюць падставовае значэнне: "Цывілізацыя і культура адносяцца да стылю жыцця народу, цывілізацыя ёсць культурай у шырокім значэнні гэтага слова"·. Паводле Валерштайна, Ц. – гэта асаблівы збор, у які ўваходзяць светапогляд, звычаі, структура і культура (як матэрыяльная, так і духоўная), утвараючы пэўны від гістарычнай тоеснасці. Мелько адзначае "Ц. маюць акрэсленую ступень інтэграцыі, іх часткі вызначаюцца праз узаемныя аднясенне да сябе, а таксама цэлага. Калі цывілізацыю складаюць дзяржавы, то яны будуць мець болей узаемных кантактаў чым з дзяржавамі па-за дадзенай цывілізацыі… Будуць дамінаваць акрэсленыя эстэтычныя і філасофскія плыні“.

Такім чынам, усе цытаваныя аўтары падкрэсліваюць культурную прыроду цывілізацыі. Як адзначае Ханцінгтон: "Ц. з’яўляюцца найвялікшымі культурнымі адзінкамі". Ён таксама сцвярджае: "Ц-ыі з’яўляюцца культурнымі арганізмамі а не палітычнымі".

Усе даследчыкі асаблівую ўвагу надаюць рэлігіі, якая з’яўляецца важнейшым культурным элементам цывілізацыі. Ханцінгтон сцвярджае: "Найважнейшую ролю адыгрывае рэлігія (…) Вялікія Ц-ыі. цесна звязаныя з вялікімі рэлігіямі". Доўсан таксама лічыць, што "вялікія рэлігіі з’яўляюцца падмуркамі вялікіх цывілізацый". На думку Ф.Брадэля "У сэрцы кожнай цывілізацыі знаходзяцца рэлігійныя каштоўнасці". Разам з тым Брадэль адзначае "…рэлігійная рэчаіснасць не складае сама па сабе ўсёй культуры, якая ахоплівае таксама дух, стыль жыцця, літаратуру, мастацтва, ідэалогію, самасвядомасць (…) Культура створана з мноства багаццяў, матэрыяльных і духоўных... Культура адначасова з’яўляецца грамадствам, палітыкай, эканамічнай экспансіяй". Брадэлю таксама належыць наступнае вельмі яркае выказванне: "...тэхніка – цела, а не душа цывілізацыі".

Звычайна людзі, асабліва адукаваныя эліты, ўсведамлялі сваю прыналежнасць да пэўнай цывілізацыі. Як зазначыў Ханцінгтон: "Ц. ёсць найвышэйшай ступенню згрупавання людзей і найшырэйшай прасторай культурнай тоеснасці. Уласна цывілізацыі ўтваралі найшырэйшыя рамкі саматоеснасці людзей". Даследчык прыводзіць прыклад пра ўяўную сустрэчу зямляніна з іншапланецянамі, пад час якой прыналежнасць да зямной цывілізацыі стане рамкамі самаатаясамлення жыхара Зямлі. Аднак француз ці немец будуць у Кітаі ці ў экватарыяльнай Афрыцы найперш еўрапейцамі, а ўжо потым французам і немцам.

Калі з’яўляюцца цывілізацыі? Напэўна тады, калі людзі ствараюць надлакальныя сістэмы абмену інфармацыяй і культурнымі каштоўнасцямі, найперш пісьменнасць. Як адзначыў Брадэль: "Цывілізацыя – гэта найдаўжэйшая з усіх гісторый". У старажытнасці гісторыкі знаходзяць месапатамскую, егіпецкую, крыта-мінойскую, іўдзейскую цывілізацыі. Асаблівую ролю ў гісторыі чалавецтва адыграла антычная ці класічная цывілізацыя. Усе вышэйпрыведзеныя цывілізацыі, можа за выключэннем іудзейскай, належаць ужо да мінулай гісторыі.

Калі ж паўстала ці сфармавалалася еўрапейская цывілізацыя? Сам тэрмін Еўропа ўпершыню з’яўляецца аж у 7 ст. да нашай эры. Аднак, на думку многіх даследчыкаў, агульнаеўрапейская культурная прастора з тымі асаблівасцямі, якія захоўваліся і развіваліся на працягу наступных вякоў, фармуецца прыкладна ў 8-9 ст. нашай эры ў выніку сінтэзу культурнай спадчыны магутнай Рымскай імперыі і культурных традыцый варварскіх народаў-заваёўнікаў. Падмуркам еўрапейскай культуры паслужылі культурныя каштоўнасці антычнай і іўдзейскай цывілізацый. З антычнасці Еўропа запазычыла многія ўзоры мастацтва, найлепшыя дасягненні філасофскай думкі, а з іўдзейскай цывілізацыі – монатэістычнае хрысціянства, якое стала найважнейшай адментнасцю Еўропы.

Вельмі важнае і складанае пытанне пра геаграфічныя межы цывілізацый. Яны не з’яўляюцца нязменнымі і статычнымі. Аднак захоўваюць свае ўплывы на працягу вельм значных храналагічных адрэзкаў, часамі вельмі нечакана выяўляючы сябе. Даследчыкі, у прыватнасці Ханцінгтон, ужываюць паняцці лініі цывілізацыйнага разрыву ці разлому. Прывядзём некалькі прыкладаў з гісторыі еўрапейскай цывілізацыі. Першай такой лініяй можна лічыць мяжу па рэкам Рэйн-Дунай, якая супадала з межамі старажытнай Рымскай імперыі і адпаведна антычнай цывілізацыі. Гэтая лінія разрыву нечакана праявіла сябе ў эпоху Рэфармацыі, зноўку падзяліўшы Еўропу паводле рэлігійнай прыкметы. Наступная лінія разрыву ідзе па рацэ Эльбе – якая была ў ІХ ст. мяжой дзяржавы Каралінгаў і славянскага, тады яшчэ паганскага, свету. Гэтая мяжа праявіла сябе ў часе другога запрыгоньвання еўрапейскага сялянства ў 16 ст. А пасля другой сусветнай вайны падзяліла Еўропу на два ідэалагічна і палітычна варожыя лагеры – капіталістычны і сацыялістычны. І, нарэшце, трэцяя лінія ідзе ад Прыбалтыкі праз заходнюю Беларусь і Украіну да Балканаў. Гэтая лінія акрэслівае зону ўплыву заходняга (каталіцкага) хрысціянства. Некаторыя даследчыкі (у прыватнасці Ханцінгтан) лічаць яе мяжою заходнеўрапейскай цывілізацыі. Гэтыя даследчыкі прызнаюць існаванне асобнай усходнееўрапейскай ці праваслаўна-рускай цывілізацыі, якая ўзрасла на культурнай спадчыне Візантыйскай імперыі, а таксама этнічных традыцыях усходніх славян. Іншыя ж даследчыкі не лічаць усходнюю Еўропу асобнай цывілізацыяй і адносяць яе, так жа як і Лацінскую Амерыку, да агульнай еўрапейскай цывілізацыі. Падзяліліся погляды на гэтую праблему таксама сярод беларускіх і расійскіх даследчыкаў і дзеячоў культуры. Дастаткова ўзгадаць дыскусію заходнікаў і славянафілаў у Расіі 19 ст.

Вельмі важнай уяўляецца праблема цывілізацыйных узаемаўплываў. На думку даследчыкаў азначанай праблематыкі, шчыльнасць культурных абменаў унутры кожнай цывілізацый звычайна значна вышэй, чым з прадстаўнікамі іншых цывілізацый. У мінулыя стагоддзі надзвычай істотнай была роля вялікіх сакральных моваў – лаціны, грэцкай, царкоўнаславянскай, арабскай, санскрыту, альбо, напрыклад, сістэмы іерогліфаў у Кітаі. Да агульнацывілізацыйнай культурнай прасторы былі далучаны найперш інтэлектульныя эліты, якія валодалі сакральнымі мовай, але праз іх пасярэдніцтва ў пэўнай ступені і шырокія масы насельніцтва судакраналіся з каштоўнасцямі сваёй цывілізацыі. У гэтых адносінах асаблівую ролю адыгрывала архітэктура і выяўленчае мастацтва (найперш культавага характару), рэлігійныя абраднасць і дыктаваныя рэлігіяй маральныя нормы.

Стасункі паміж цывілізацыямі ў пэўныя часы маглі быць варожымі. Дастакова прыгадаць варожасць паміж хрысціянамі і мусульманамі ў часы Рэканкісты і крыжовых паходаў. Але куды больш важную ролю адыгрываў культурны абмен. Напрыклад, каштоўнасці антычнай філасофіі хрысціянскія мысляры пераймалі якраз у тых жа арабаў і з тэкстаў на арабскай мове. Увогуле, на думку многіх даследчыкаў, для еўрапейскай цывылізацыі было характэрным творчае засвойванне дасягненняў іншых цывілізацый. Гэтую рысу Еўропы лічаць адной з галоўных прычын яе дынамічнага развіцця ў Новай гісторыі і дасягнення эканамічнай і палітычнай дамінацыі на планеце. Несумненна, што адна з галоўных асаблівасцяў сучаснай еўрапейскай цывілізацыі – высокі тэхналагічны ўзровень.

Даследчыкі звычайна таксама адзначаюць індывідуалізм і рацыяналізм галоўнымі асаблівасцямі еўрапейскай цывілізацыі. Прычым адныя лічаць гэта яе найвялікшым дасягненнем, адзначаюць павагу да асобы і свабоды выбару кожнага чалавека. Менавіта Еўропа стварыла палітычную мадэль сучаснай дэмакратыі, якая лічыцца на сённяшні дзень найбольш дасканалай формай дзяржаўнага ўладкавання. Крытыкі ж бачаць у індывідуалізме і рацыяналізме слабасць заходнееўрапейскай цывілізацыі і прычыны яе непазбежнага будучага заняпаду. Адзначаюць яны таксама недахоп духоўнасці, тэхнакратызм, спажывецкае стаўленне да чалавека і прыроды.

Заходнееўрапейская цывілізацыя праіснавала ўжо больш за тысячу гадоў, хаця, як мы ўжо адзначылі, сам тэрмін Еўропа пачаў ужывацца ў старажытнай Грэцыі ўжо ў 7 ст. да н.э. Яе падставовыя рысы сфармаваліся ў Сярэднявеччы. Вялізную ролю адыграла эпоха Адраджэння, а затым Асветніцта. У тыя часы сфармаваліся асноўныя элементы еўрапейскага мыслення, якія далі штуршок развіццю культуры, навукі і тэхнікі, стварылі магчымасці для шырокамаштабнай вайсковай і культурнай экспансіі Еўропы, якая неўзабаве пачала кантраляваць у палітычным і эканамічным сэнсе практычна ўвесь зямны шар.

Калі разумець пад цывілізацыяй культурную прастору, збор рысаў і з’яў культуры, то паўстае пытанне пра яе суадносіны з нацыянальнымі культурамі, якія таксама маюць сваю геаграфічную і камунікацыйную прастору і характэрныя рысы і з’явы. У аснове кожнай цывілізацыі ляжаць рэлігійныя і філасофскія каштоўнасці. Яны вызначаюць асаблівасці светапогляду людзей, кірунак развіцця эстэтычных і этычных нормаў і ўяўленняў. Але іх больш канкрэтнае і змястоўнае напаўненне адбываецца менавіта ў рамках нацыянальных культур, у разнастайнасці і шматабліччы якіх праяўляецца жыццёвая сіла ўсіх развітых цывілізацый сучаснасці.

Адказ на пытанне – Ці належыць Беларусь да агульнаеўрапейскай цывілізацыі, ці да асобнай праваслаўна-усходнеславянскай – залежыць нярэдка ад эстэтычных, філасофскіх і палітычных сімпатый аўтараў, што цікавяцца гэтай праблематыкай. Не выклікае спрэчак адно – на працягу ўсёй сваёй гісторыі Беларусь адчувала вельмі моцныя заходнеееўрапейскія культурныя ўплывы, якія ў істотнай ступені фармавалі яе культурныя асаблівасці.
Лекцыя 2.

Сярэднявечная Еўропа і Беларусь: праблемы культурных узаемаўплываў
1.Культура Візантыі ў сярэднявечную эпоху.

У сярэдзіне першага тысячагоддзя нашай эры прыйшла ў заняпад магутная Рымская імперыя. Гэта адначасова азначала закат класічнай ці антычнай цывілізацыі з яе вялікімі дасягненнямі ў сферы духоўнай і матэрыяльнай культуры. Не дапамог і падзел імперыі на ўсходнюю і заходнюю часткі, які меў далёкасяжныя палітычныя і культурныя наступствы для еўрапейскага кантыненту. Заходняя імперыя неўзабаве спыніла сваё існаванне, і заходняя частка Еўропы апынулася пад уладай шматлікіх правадыроў ваяўнічых варварскіх плямёнаў.

У той час, калі Заходняя Рымская імперыя гінула пад ударамі варвараў, Усходняя ці Візантыя здолела захаваць сваю палітычную магутнасць і высокі ўзровень культуры. Больш таго, адносна 5-6 стст. можна весці гаворку пра культурны росквіт Усходняга Міжземнамор’я, аб чым, напрыклад, сведчыла актыўная будоўля хрысціянскіх храмаў (у той час, напрыклад, быў збудаваны велічны Сафійскі сабор у Канстанцінопалі). Імператар Юстыніан нават спрабаваў, хаця і не да канца паспяхова, аднавіць кантроль над усімі абшарамі, калісьці падуладнымі магутнаму Рыму.

Для культуры Візантыі гэтага часу характэрным быў сінтэз хрысціянскіх і антычных узораў. Можна весці гаворку пра сапраўдны культ антычнай спадчыны. Візантыйцы лічылі сябе нашчадкамі старажытных грэкаў і ганарыліся іх дасягненнямі. Таму Гамэр быў шанаваны амаль у такой жа ступені, як і біблейскія тэксты. Сістэма адукацыі дасягнула вельмі высокага ўзроўню. Яе вянчаў славуты універсітэт у Канстанцінопалі, заснаваны ўжо ў 425 г. Школы (пераважна прыватныя) утвараліся нават у сельскай мясцовасці. Значную ролю ў культурным жыцці адыгрывалі жанчыны, якія займаліся навукамі, пісалі кнігі. Такога немагчыма было на той час уявіць адносна Заходняй Еўропы.

Грэцкая мова пацясніла лаціну і стала мовай рэлігіі, літаратуры і палітычнага жыцця Візантыі. Як лічаць многія даследчыкі, візантыйцы нават патрапілі ў своеасаблівы палон антычнай культурнай спадчыны, страціўшы здольнасць да самастойнай творчасці. Іх вядомыя дзеячы культуры выказвалі шкадаванне, што старажытныя грэкі ўжо ўсё стварылі, не пакінуўшы нашчадкам прасторы для творчасці. Таму 5-6 стст. н.э. у гісторыі Візантыі былі ў вялікай ступені часамі апрацоўкі і ўнармавання антычнай спадчыны. Хаця былі і новыя дасягненні, да якіх можна далучыць вынаходніцтва кодэксу, ці кнігі, набліжанай да сучаснага выгляду, у адрозненне ад скруткаў скрыптаў антычных часоў. У гэтыя ж стагоддзі былі выпрацаваны асноўныя дагматы хрысціянскай веры (напрыклад дагмат Св.Троіцы) і створаны асновы багаслоўся і культавай абраднасці праваслаўя. Сама назва ўсходняга хрысціянства сведчыла аб імкненні візантыйцаў падкрэсліць вернасць старажытным караням і пераемнасць традыцыі сваёй царквы ў адрозненне ад іншых тагачасных кірункаў хрысціянства. Кансерватызм стаў пазней адной з галоўных рысаў праваслаўя. Аднак разам з тым няўхільна назапашваліся адрозненні паміж усходнім праваслаўным і заходнім каталіцкім хрысціянствам, што ў далейшым непазбежна мусіла прывесці да іх расколу. Гэтаму спрыяла іх саперніцтва ў справе хрысціянізацыі паганскіх народаў у Цэнтральнай Еўропе.

Вельмі высокага ўзроўню дасягнула культавае дойлідства Візантыі Асноўнымі тыпамі храмаў былі базыліка і крыжовакупальны храм. Для апошняга тыпу, які стаў падставовым для ўсходняга хрысціянства, характэрнай была форма праваслаўнага роўнаканцовага крыжа, над цэнтрам якога на калонах-стаўпах узвышаўся купал. Купал распісваўся выявай Хрыста-Пантакратара (Усядзяржыцеля). Ніжэй размяшчаліся выявы апосталаў. У апсідзе (выступ у алтарнай частцы храма) змяшчалася выява Багародзіцы-Аранты. Гэты канон роспісу праваслаўнага храма быў пазней перанесены і за межы Візантыйскай імперыі. Прычым шырока выкарыстоўваліся як жывапіс тэмпернымі фарбамі, так і мазаіка. Візантыйскі рэлігійны жывапіс аказаў вялізны ўплыў на заходнееўрапейскі. Можна назваць славутыя роспісы храмаў італьянскай Равэны. Гэта ж можна сцвярджаць адносна рэлігійных спеваў.

З 7 ст. пачынаюцца цёмныя часы ў гісторыі Візантыі. У выніку нападаў арабаў і славян імперыя траціць больш за палову сваёй тэрыторыі. Назіраецца заняпад і ў культурным жыцці. Ерась іконаборцаў, якія змагаліся супраць антропамарфізму ў рэлігійным жывапісе (яны лічылі абразы праявай ідалапаклонніцтва), прывяла да яго заняпаду і знішчэння многіх фрэсак і абразоў. Хаця іканаборцы ўрэшце і панеслі паразу, але ўзровень выяўленчага мастацтва істотна панізіўся. Назіраецца адыход ад рэалізму, вялікая роля ўмоўнасці. Праўда, гэта ж можна акрэсліць як і арыгінальную адрозную рысу візантыйскага выяўленчага мастацтва.

Неабходна падкрэсліць, што стагнацыя візантыйскай культуры мела як знешнія, так і ўнутраныя прычыны. Да апошніх даследчыкі адносяць залішнюю цэнтралізацыю дзяржавы, засілле догмаў і нарматыўнасці, надзвычай вялікую ролю бюракратыі. У эпоху Сярэднявечча Візантыя была адзінай цэнтралізаванай дзяржавай у хрысціянскім свеце. Спалучэнне па сутнасці свецкай і духоўнай улады ў асобе імператара (толькі са згоды апошняга абіраліся патрыярхі) пазбаўляла візантыйскую культуру таго ўнутранага напружання і пэўнага зазору свабоды, якія існавалі ў Заходняй Еўропе. Васілеўс з’яўляўся прадстаўніком Бога на зямлі, а дзяржава і царква былі цесна пераплецены.

Аднак, трэба падкрэсліць, што да часоў Крыжовых паходаў заходнееўрапейцы прызнавалі культурна-цывілізацыйную вышэйшасць візантыйцаў, а апошнія нярэдка трактавалі заходнікаў, як неадукаваных варвараў. Да самога канчатковага крушэння Візантыі ў 15 ст. лацінская Еўропа шмат чаго пераняла ад сваіх усходніх братоў па хрысціянскай веры. Праўда, гэтыя ўзаемныя кантакты хрысціянскіх Захаду і Усходу нельга перабольшваць. У Заходняй Еўропе вельмі мала людзей ведала грэцкую мову, а найлепшыя дасягненні антычнай думкі каталіцкі свет пераняў не ад візантыйцаў, а ад арабаў. І ўсё ж, нягледзячы на пэўную стагнацыю і адсутнасць моцнай дынамікі развіцця, візантыйская культура доўгі час захоўвала здольнасць да знешняй культурнай экспансіі і выпраменьвала свае ўплывы па-за дзяржаўныя межы слабеючай імперыі. Пад гэтыя ўплывы падпадаюць у 10-11 ст. і беларускія землі, што сталася адным з важнейшых чыннікаў іх культурнага развіцця.
8 2.Культура Беларусі 10-13 ст.: праблема візантыйскіх уплываў.

Культура Візантыі аказвала вялікі ўплыў на развіццё суседніх народаў. Асаблівае значэнне мела пашырэнне хрысціянства ў яго ўсходняй ці артадаксальнай версіі. Сакральнай мовай усходняга хрысціянства была грэцкая, але для аблягчэння працэсу хрысціянізацыі славянскіх плямёнаў вядомымі асветнікамі Кірылам і Мяфодзіем і іх паслядоўнікамі Святое Пісьмо і асноўныя кнігі для набажэнства былі перакладзеныя на царкоўнаславянскую мову, для чаго выкарыстоўваўся новаствораны кірылічны алфавіт, распрацаваны на аснове грэцкага. Праўда, некаторыя даследчыкі сцвярджаюць, што пераклад багаслужэння і рэлігійнай літаратуры на царкоўнаславянскую мову меў і некаторыя адмоўныя наступствы, паколькі не патрабаваў ад усіх святароў і манахаў абавязковага ведання грэцкай мовы, і адпаведна не было неабходнасці ў развіцці школьніцтва на гэтай мове, што вяло да пэўнай ізаляцыі значнай часткі пісьменнага грамадства славянскіх краін ад антычнай кніжнай спадчыны.

У канцы 10 – пачатку 11 ст. усходняе хрысціянства пачынае актыўна пранікаць на беларускія землі. Пэўную ролю ў гэтым адыгралі скандынаўскія вікінгі, якія праклалі водны шлях з варагаў у грэкі. Тут дастаткова ўзгадаць легендарнага Торвальда-вандроўніка, які, паводле ісландскай сагі прыняў хрост і быў пахаваны непадалёку ад Полацка. Як можна меркаваць на падставе шматлікіх крыніц, менавіта нашчадкаў ваяўнічых скандынаваў, якія неўзабаве перамяшаліся з мясцовым славянскім насельніцтвам, напачатку і называлі руссю. Гэтая русь складала вайсковую эліту ў шматлікіх усходнеславянскіх гарадах-княствах. Дастаткова прыгадаць, што першым вядомым князем Полацка быў Рагвалод, які, паводле летапісу, прыйшоў з-за мора. А ў канцы 10 ст. ва ўсіх усходнеславянскіх землях усталявалася ўлада рускіх князеў з дынастыі Рурыкавічаў, старэйшым з якіх лічыўся кіеўскі князь. Паступова назва русь пашырылася на ўсё насельніцтва, падуладнае Рурыкавічам. Вялікую ролю ў гэтым адыграла і пашырэнне хрысціянства на ўсходнеславянскіх землях. Быць рускім таксама азначала быць ахрышчаным у грэцкую веру. У гэтым сэнсе рускія супрацьпастаўляліся язычнікам-паганцам і лаціннікам. Паступова знікаюць са старонак летапісаў назвы славянскіх плямёнаў, у тым ліку тых, што засялялі тэрыторыю сучаснай Беларусі – крывічоў, дрыгавічоў, радзімічаў. Асновай ідэнтычнасці насельніцтва становіцца прыналежнасць да пэўнага горада-княства – палачанін, віцеблянін, аршанец, менчук, туравец, гарадзенец і г.д.

Як мы ўжо адзначылі, старэйшым сярод князёў Рурыкавічаў быў кіеўскі князь. Таму ў гістарыяграфіі замацавалася назва Кіеўская Русь, пад якой даследчыкі разумелі своеасаблівую канфедэрацыю шматлікіх княстваў. Але гэта не была адзіная цэнтралізаваня дзержава з нейкім супольным адміністрацыйным апаратам, сістэмай падаткаў і г.д. Напрыклад, Полацкім княствам кіравала асобная дынастыя нашчадкаў дачкі Рагвалода Рагнеды, якая праводзіла цалкам самастойную палітыку і перыядычна ўступала ў вайсковый канфлікты з Кіевам.

Але пэўная адзіная культурная прастора на ўсходнеславянскіх ці рускіх землях несумненна існавала. Праўда, гэтая прастора ахоплівала найперш прадстаўнікоў княсткіх эліт і вышэйшага духавенства. Менавіта князі і іх дружыннікі былі зацікаўлены ў пашырэнні хрысціянства, а таму часта нават сілай прымушалі сваіх падданых прымаць новую веру. Праз пэўны час у Полацку і Тураве ўзніклі кафедры хрысціянскіх епіскапаў, якія стаялі на чале мясцовых царкоўных структур. Аднак на вёсцы, як сведчаць шматлікія крыніцы, паганства яшчэ вельмі доўга захоўвала сваю моц. Тут адбываецца своеасаблівы сінтэз паганскіх і хрысціянскіх традыцый, што наклала вельмі моцны адбітак на ментальнасць беларускага сялянства.

Хрысціянізацыя Полацкага і іншых княстваў, што знаходзіліся на тэрыторыі сучаснай Беларусі, мела велізарнае значэнне для іх культурнага развіцця. Менавіта з хрысціянствам прыходзіць сюды пісьменнасць (калі не ўлічваць вельмі нешматлікія прыклады рунічнай пісьменнасці). Напачатку кнігі прывозіліся з Візантыі. Але хутка іх пачынаюць перапісваць у мясцовых новаўтвораных манастырах. Грэкамі альбо балканскімі славянамі часта былі першыя святары і нават епіскапы. Паступова фармуецца духавенства мясцовага паходжання. Самыя адукаваныя яго прадстаўнікі засвойваюць грэцкую мову і знаёмяцца з багацейшай кніжнай культурай Візантыі. З грэцкай мовы на царкоўнаславянскую перакладаліся найперш царкоўныя кнігі. Самае ранняе – Тураўскае евангелле – было створана ў 11 ст. Перакладаліся таксама кнігі, якія ўтрымлівалі звесткі па гісторыі і геаграфіі – "Гісторыя іўдзейскай вайны“ Іосіфа Флавія, “Троя“, “Александрыя“ і інш. Праз гэтыя кнігі антычная спадчына даходзіць да адукаваных эліт Беларусі. Візантыйская кніжнасць мела вялізны ўплыў на развіццё беларускай рэлігійнай думкі таго часу. Так, выдатны багаслоў і красамоўца Кірыла Тураўскі несумненна быў добра знаёмы як з візантыйскімі тэкстамі, так і з антычнай спадчынай. Яго рукапісныя павучэнні распаўсюджваліся ва ўсіх рускіх княствах і карысталіся велізарнай папулярнасцю сярод духавенства і вернікаў. Сярод прадстаўнікоў візантыйскага красамоўства, пад уплывам якіх знаходзіўся Кірыл Тураўскі, даследчыкі называюць Іаана Златавуста і яго паслядоўнікаў: Прокла Канстанцінопальскага, Ціта Вострскага, Эпіфанія Кіпрскага, Яўлогія і Кірыла Александрыйскіх, Сімяона Лагафета і іншых выдатных дзеячоў хрысціянства. Па ўзору візантыйскіх хронік пры дварах князёў і ў манастырах пачалі стварацца гістарычныя летапісы. Летапісец пачынаў ад біблейскай гісторыі, а затым занатоўваў тыя падзеі з мясцовага жыцця, якія падаваліся яму вартымі ўвагі. Менавіта летапісы з’яўляюцца на сённяшні дзень галоўнымі крыніцамі, з якіх мы чэрпаем звесткі пра жыццё нашых продкаў у тыя часы. На жаль, адзіны вядомы гісторыкам летапіс з беларускіх земляў – Полацкі – не захаваўся да нашых дзён, што стала сапраўднай трагедыяй для беларускіх гісторыкаў.

Прадстаўнікі княскіх і баярскіх эліт беларускіх земляў даволі часта наведвалі Візантыю і імператарскі двор васілеўсаў. Дастаткова прывесці прыклад славутай асветніцы старажытнай Беларусі Еўфрасіні Полацкай, якая наведала імператара падчас падарожжа да Гроба Гасподня. Распаўсюджанне хрысціянства дало моцны штуршок развіццю мураванага дойлідства на беларускіх землях. Першым храмам, вядомым з летапісных крыніц, стала царква Багародзіцы ў Полацку. Ну а самым вядомым культавым помнікам той эпохі быў славуты Сафійскі сабор у Полацку (узведзены ў 50-х гадах 11 ст.). Яго пабудова сведчыла аб імкненні гэтага горада падкрэсліць сваю палітычную значнасць і роўнасць з такімі гарадамі, як Канстанцінопаль, Кіеў і Ноўгарад, дзе таксама галоўнымі храмамі былі Сафійскія саборы (яны прысвячаліся “Прамудрасці Божай). Паводле сваіго плана полацкая Сафія адносіцца да складанага тыпу крыжова-купальнага храма, на што ўказвае віма – дадатковае памяшканне ва ўсходняй частцы храма, якое паглыбляла перспектыву ўнутранага аб’ёму. Храмы такога тыпу сустракаліся ў Канстанцінопалі і ў некаторых візантыйскіх правінцыях.

Такім чынам, на беларускіх землях атрымаў распаўсюджанне візантыйскі крыжовакупальны тып храма, які набыў тут мадыфікаваныя формы. Таксама упрыгожванне храмаў фрэскавымі роспісамі ажыццяўлялася паводле візантыйскай схемы і манеры роспісу. Выявы святых мелі выцягнутыя формы, вялікія міндалевідныя вочы. Мастакі мала клапаціліся пра дакладнасць прапорцый чалавечага цела, яны найперш імкнуліся перадаць магутную сілу духу і аскетызм святых. Нягледзячы на плоскаснасць, умоўнасць і статычнасць выяў на фрэсках, для іх адначасова характэрныя моцная экспрэсія і эмацыйнасць, што дасягалася інтэнсіўнасцю і кантрастнасцю колераў, майстэрскай пабудовай кампазіцый. Праўда, помнікаў манументальнага жывапісу тых часоў захавалася няшмат. Амаль усе яны сканцэнтраваныя ў Полацку, большасць у Спаскай царкве Еўфрасінеўскага манастыра.

У “Жыціі Еўфрасіні Полацкай” гаворыцца, што беларуская асветніца звярнулася да імператара Мануліа І Комніна і патрыярха Лукі Хрысаверга з просьбай перадаць у Полацк копію абраза Багародзіцы Адзігітрыі Эфескай, які, паводле легенды, напісаў сам евангеліст Лука. Дзеля гэтага Еўфрасіня паслала ў Візантыю свайго слугу Міхала, які паспяхова выканаў заданне. Праўда, абраз Багародзіцы Эфескай пазней пакінуў Полацк.

Першыя дойліды і мастакі, якія ўзводзілі і распісвалі храмы ў беларускіх землях, напэўна паходзілі з Візантыі. Менавіта арцель грэкаў, на думку гісторыкаў, збудавала славуты Сафійскі сабор у Полацку. Але ўжо хутка гэтае майстэрства засвойваюць і мясцовыя майстры. Іншыя прыродныя ўмовы, іншыя традыцыі і ментальнасць насельніцтва ўплывалі на візантыйскі стыль, змяняючы яго і прыстасоўваючы да новых умоў. У Візантыі асноўным будаўнічым матэрыялам быў камень, на беларускіх землях яго было мала, а таму храмы будаваліся з плінфы (вузкая цэгла). Паступова сфармавалася полацкая школа дойлідства са сваімі характэрнымі рысамі, якія адрознівалі яе ад іншых архітэктурных школ Русі. Цэнтральны купал храма на Полаччыне становіцца больш высокім, набывае вежападобныя абрысы і надае ўсяму храму больш дынамічныя формы. Даследчыкі ўгледжваюць у гэтым уплывы ўжо заходнееўрапейскай архітэктуры. Вельмі арыгінальныя рысы набывае Гарадзенская школа дойлідства, адзіным помнікам якой, які часткова захаваўся да нашых дзён, з’яўляецца славутая Каложская (Барысаглебская) царква. У старажытнай Гародні (першая ўзгадка пра горад належыць да 1127 г.) былі ўзведзены тры мураваныя храмы ў падобным стылі – Каложская ці Барысаглебская царква (як гэты храм называўся ў 12 ст. даследчыкам дакладна невядома), Прачысценская царква і так званая Ніжняя царква (руіны яе знойдзены археолагамі на тэрыторыі Гродзенскага замка). Для гарадзенскай архітэктрунай школы характэрным было упрыгожванне сценаў храма шліфаванымі валунамі і рознакаляровымі маёлікавымі пліткамі, якія выкладваліся ў выглядзе крыжыкаў. У сцены ўмуроўваліся вялікія гліняныя гаршкі-галаснікі. Яны паляпшалі акустыку ў храме і адначасова рабілі больш лёккімі яго сцены. Яшчэ адной важнай асаблівасцю гарадзенскай школы было тое, што падлога ў храмах таксама выкладвалася з маёлікавай пліткі, прычым гэтая плітка стварала рознакаляровы складаны ўзор. Затое манументальны жывапіс у гарадзенскіх царквах амаль не выкарыстоўвася. Сцены ўнутры храма проста замазваліся ружовай рашчынай, якая замацоўвала плінфу. Але гэта таксама надавала інтэр’еру своеасаблівую суровую прыгажосць. Апроч Гародні храм падобнага тыпу будавалі таксама ў Ваўкавыску, але там будаўніцтва не было завершана з невядомых нам прычынаў. Узнікненне ў Панямонні арыгінальнага архітэктурнага стылю сведчыла пра вельмі высокі ўзровень культурнага развіцця гэтага рэгіёну, што стала вынікам перасячэнне розных культурных уплываў.

Такім чынам, візантыйскія ўзоры аказалі велізарны ўплыў на развіццё канфесійнага жыцця, кніжнай культуры і мастацтва Беларусі. Яны фармавалі духоўныя і эстэтычныя ідэалы, накладалі адбітак на фармаванне ментальнасці ўсяго насельніцтва – як адукаваных эліт, так і непісьменнага сялянства. У будучым сінтэз візантыйскіх і заходнееўрапейскіх традыцый становіцца адной з галоўных адрозных рысаў беларускай культуры ў цэлым.
3. Культура сярэднявечнай Еўропы: асноўныя асаблівасці.

У наш час тэрмін сярэднявечча атаясамляецца найперш з Заходняй Еўропай з яе рыцарамі, гарадамі і манастырамі. І ў значнай ступені гэта справядліва. Увогуле тэрмін сярэднія вякі ўзнік у 15 ст. у асяроддзі італьянскіх інтэлектуалаў, якія супрацьстаўлялі іх антычнасці. Трэба адзначыць, што сярод многіх аматараў гісторыі да сённяшняга дню захоўваецца стэрэатыпнасць ва ўспрыяцці эпохі Сярэднявечча, як эры цемрашальства і рэлігійнага фанатызму. Такі погляд выглядае занадта спрошчаным, пра што пераканаўча сведчаць вынікі навейшых гістарычных даследаванняў. Менавіта ў часы С. у Еўропе сфармаваліся культурныя асаблівасці еўрапейскай цывілізацыі, якія сталі падмуркам яе дынамічнага развіцця ў наступныя стагоддзі.

Разам з тым з’яўляецца несумненным і той факт, што пасля крушэння Рымскай імперыі ў Заходняй Еўропе на працягу некалькіх стагоддзяў назіраўся заняпад матэрыяльнай і духоўнай культуры, спрошчванне і нават прымітывізацыя антычнай спадчыны. Менавіта таму гэты час атрымаў назву Цёмныя стагоддзі. Спрашчэнне антычных стандартаў можна прасачыць на прыкладзе адаптацыі рымскай сістэмы адукацыі. Сярэднявечная грамадства ўзяло з антычнасці ні сістэму Цыцэрона ці Цэртуліана, але іх спрошчаную мадэль, якую распрацаваў у 5 ст. карфагенскі навуковец Марцэлін Капэла. Гэтая мадэль грунтавалася на сямі свабодных альбо вызваленых навуках (сэптэм артэс лібералес): граматыка, рыторыка, дыялектыка або логіка, арыфметыка, геаметрыя, астраномія і музыка. Славуты філосаф Баэцы падзяліў сем вызваленых навук на трывіум (граматыка, рыторыка, дыялектыка) і квадрывіум (арыфметыка, геаметрыя, астраномія і музыка). Такім чынам, у розных сферах культуры ішла адаптацыя антычнай спадчыны да новых умоў, адбываўся сінтэз рымскіх і германскіх культурных узораў. У выніку гэтага сінтэзу паўстала сацыяльна-палітычная сістэма феадальных адносін, якая адыграла выключна важную ролю ў гісторыі Еўропы.

Культурную прастору Еўропы і сетку міжкультурнай камунікацыі найперш стваралі структуры хрысціянскай царквы. Асабліва вялікую ролю адыгрывалі манастыры, якія сталі галоўнымі захавальнікамі культурнай спадчыны. На пачатку эпохі С. была выпрацавана дагматыка і асновы багаслоўя заходняга хрысціянства. У гэтым працэсе асабліва вялікую ролю адыграў Блажэнны Аўгусцін (жыў на мяжы 4-5 ст. у паўночнай Афрыцы), які на аснове ідэй Платона і яго паслядоўнікаў развіў хрысцянскае вучэнне пра Бога і Царкву. Сакральнай мовай заходняй цывілізацыі стала лаціна, веданне якой аб’ядноўвала адукаваных людзей ад Іберыйскай паўвыспы да Скандынавіі.

Для гісторыі С. была характэрнай цэлая чарада "Адраджэнняў", калі назіраліся спробы вяртання да антычнай культурнай спадчыны, намаганні дасягнуць культурнага ўзроўню антычнасці. Можна назваць “Остгоцкае" і “Вестгоцкае” адраджэнні", “Каралінгскае“, “Аттонава“. Усе гэтыя "адраджэнні" былі даволі кароткачасовымі, аднак менавіта яны падрыхтавалі глебу вялікай эпохі еўрапейскага Адраджэння ці Рэнесансу.

На думку многіх даследчыкаў, адрозныя рысы еўрапейскай цывілізацыі сфармаваліся ў часы "Каралінгскага Адраджэння". Яго цэнтрам стаў двор Карла Вялікага ў Аахіне. Карл намагаўся аднавіць Рымскую імперыю і стаць яе імператарам. Пры яго двары дзейнічаў славуты асветнік Алкуін, які спрабаваў адрадзіць антычную сістэму адукацыі. Аднак вялізная дзяржава Карла прыйшла ў заняпад пасля яго смерці. На Заходнюю Еўропу абрынуліся набегі вікінгаў і венграў. Скандынавы адыгралі асабліва вялікую ролю ў афармленні палітычнай структуры еўрапейскага кантыненту. Апроч таго яны стварылі вельмі арыгінальную матэрыяльную і духоўную культуру. Уражваюць сваім рэалізмам эпас вікінгаў, сабраны ў Вялікая і Малой Эддах Сноры Стурлурсана, паэзія скальдаў.

Новы росквіт Еўропы распачынаецца ў часы “Аттонава Адраджэння“ (10 ст.) З 10 па 13 ст. насельніцтва Еўропы вырасла з 40 да 70 мільёнаў чалавек. Назіраецца бурны росквіт гарадоў, насельніцтва якіх здабывала ў барацьбе з каралямі і буйнымі феадаламі асобыя правы і прывілеі, што рабіла гарады сапраўднымі выспамі свабоды ў свеце жорстка іерархізаваных феадальных адносін (добра вядома выказванне тых часоў, што паветра горада робіць чалавека свабодным). Адбываюцца таксама па сутнасці рэвалюцыйныя змены ў тэхніцы і сельскай гаспадарцы.

У 10 ст. у еўрапейскім мастацтве паўстае ўпершыню адзіны агульнаеўрапейскі стыль – раманскі. Тэрмін раманскі стыль з’явіўся ў 19 ст. па аналогіі з паняццем раманскія мовы. Напачатку гэты тэрмін ужываўся толькі ў дачыненні да архітэктуры, але затым быў перанесены на ўсё еўрапейскае мастацтва 10-12 ст. Пад раманскім стылем напачатку даследчыкі разумелі выкарыстанне сярэднявечнымі дойлідамі некаторых рыс і будаўнічых прыёмаў старажытных рымлянаў. Але на гэтым спецыфіка азначанага стылю не вычэрпвалася. Галоўнымі яго асаблівасцямі лічацца: дамінацыя ў архітэктуры паўцыркульнай формы скляпенняў, цяжкія і масіўныя апоры, гладкія, вялікай таўшчыні сцены з малой колькасцю вузкіх вакон і дзвярных праёмаў.

У 13 ст. у Заходняй Еўропе назіраецца росквіт стылю готыка. Сам гэты тэрмін узнік у 15 ст. у асяроддзі тэарэтыкаў італьянскага адраджэння і ўтрымліваў першапачаткова адмоўнае сэнсавае напаўненне. Пад готыкай разумелі спадчыну варвараў-готаў – разбуральнікаў Рыму. Такая ацэнка готыкі была безумоўна несправядлівай. Нарадзіўшыся ў паўночнай Францыі ў 12 ст., гэты стыль мастацтва, які найбольш выразна праявіў сябе ў культавым дойлідстве, хутка пашырыўся па ўсёй Еўропе. Гатычнае мастацтва было цесна звязана з сярэднявечным горадам, з’яўлялася сведчаннем яго росквіту і незалежнасці. Гатычная архітэктура ў адрозненне ад раманскай мела іншую канструкцыю скляпенняў, асновай якіх была каркасная сістэма са спічастымі аркамі і склепяннямі, рэбрамі-контрфорсамі, якія вытрымлівалі цяжар высокіх вежаў і дахаў. Гатычныя будынкі, асабліва храмы, мелі вялікую колькасць вакон, якія ўпрыгожваліся рознакаляровымі вітражамі. Унутр храма хлынулі патокі святла, што найбольш адпавядала ўяўленням сярэднявечнага чалавека аб адухоўленай матэрыі. Для гатычнай архітэктуры характэрна імкненне ўвышыню, лёгкасць і вытанчанасць. Зніклі гладкія сцены і столі, якія цяпер прарэзваліся шматлікімі нервюрамі, нішамі і арачкамі. Звонку і ўнутры гатычныя храмы багата ўпрыгожваліся скульптурнымі выявамі.

У 12-13 ст. назіраецца таксама актыўнае развіццё духоўнай культуры. Фармуецца рыцарская культура са сваім эпасам, паэзіяй, маральнымі нормамі і складаным этыкетам, культам Чароўнай Дамы. Яскравай праявай гэтага стала творчасць трубадураў, трувэраў, міннезінгераў. Праўда, пашырэнне сярод рыцарства вытанчаных нормаў паводзін адначасова з’яўлялася прадвеснікам яго будучага палітычнага заняпаду.

Вельмі своеасаблівай рысай заходнееўрапейскай культуры стала стварэнне універсітэцкай адукацыі. Напачатку гэтая сфера культурнага жыцця знаходзілася пад амаль поўным кантролем царквы. Асноўнымі навучальнымі ўстановамі былі кафедральныя школы пры біскупах. У гарадах існавалі і прыватныя школы, дзе выкладалі магістры (настаўнікі). На мяжы 12-13 ст. паўстаюць першыя універсітэты. Найбольш вядомымі былі універсітэты ў Парыжы і Балоніі. Ва універсітэтах апрача свабодных навук вывучалі таксама багаслоўе і філасофію, права і медыцыну. Вельмі важнай асаблівасцю універсітэтаў стала іх аўтаномія і самакіраванне, яны захоўвалі пэўную незалежнасць і ад свецкіх уладаў, і ад царквы. У Балоніі кіраўніка рэктара нават абіралі самі студэнты. Менавіта універсітэты стварылі агульную інтэлектуальную прастору еўрапейскай цывілізацыі. Веданне лацінскай мовы, на якой адбывалася навучанне, дазваляла выхадцам з самых розных куткоў Еўропы разумець адзін аднаго. Праўда, у тагачаснай навуцы і адукацыі пераважала схаластыка, якую мысляры эпохі Адраджэння вельмі шмат крытыкавалі за адарванасць ад жыцця. Але трэба прызнаць, што менавіта схаластыка сфармавала традыцыю строгага навуковага мыслення.

Разам з тым сутыкненне схаластычнай навукі Касцёла з новымі канцэпцыямі ў розных галінах ведаў абвастрыла канфлікт паміж хрысціянскай тэалогіяй і класічнай спадчынай. Сінтэз стварыў Тамаш Аквінскі (1225-1274). Ён даводзіў, што чалавек мае несубстанцыйную несмяротную душу, а адной з найважнейшых праяў душы ёсць розум. Таму чалавек здольны пазнаваць створаную Богам прыроду, але розум не ў стане пазнаць Бога.

Прага да ведаў становіцца адной з галоўных прычын вандровак людзей. Нават імператар Свяшчэннай Рымскай імперыі выдаў дэкрэт, які прадпісваў падданым аказваць дапамогу падарожным навукоўцам. Вандроўныя студэнты ваганты ствараюць ўласную субкультуру, важнымі рысамі якой былі дух свабоды і непакорлівасці, насмешлівае стаўленне да духавенства і феадалаў.

Якімі былі прасторавыя ўяўленні жыхароў сярэднявечнай Еўропы. Галоўнай рэальнасцю быў хрысціянскі свет. Адносна яго хрысціянін вызначаў і ўсё астатняе чалавецтва, і свае адносіны да іншых. Так, візантыйцы лічыліся ерэтыкамі. Адносна іх заходнееўрапейскія рыцары адчувалі нейкую сумесць зайздрасці і агіды. Лаціняне папракалі грэкаў у баязлівасці і ненадзейнасці. Гэта была рэфлекторная рэакцыя ваяўнічага і беднага варвара на багатага і цывілізаванага чалавека. Тагачасныя людзі Захаду, для якіх галоўнай каштоўнасцю была простая і сумленная вернасць феадала, лічылі вераломствам візантыйскія метады, цалкам пранізаныя меркаваннямі дзяржаўнай карысці. У сваю чаргу візантыйцы лічылі лацінян жорсткімі, ганарлівымі і сквапнымі варварамі. Варта адзначыць, што менавіта з Візантыі ў Заходнюю Еўропы прыходзілі самыя дарагія і якасныя тавары, а залатая манета “безант” былі сапраўдным “доларам Сярэднявечча”.

Пра людзей праваслаўнай Усходняй Еўропы на Захадзе ведалі менш, за выключэннем жыхароў Скандынавіі і ганзейскіх нямецкіх гарадоў. Больш ведаў з’явілася, калі галоўны кірунак крыжовых паходаў быў скіраваны на ўсходнюю Прыбалтыку. Такія асобы, як рыцар і паэт Жыльбер дэ Лануа, апісвалі свае прыгоды ў землях далёкай і таямнічай Русі-Літвы. Цікава, што для ўдзельнікаў аднаго з тэўтонскіх набегаў на Гародню нечаканых адкрыццём стала тое, што жыхары горада ўжо былі хрысціянамі, а не паганцамі. Але на гэтай праблеме мы больш падрабязна спынімся ніжэй.

Такім чынам, менавіта ў сярэднявечную эпоху сфармаваліся адрозныя рысы еўрапейскай цывілізацыі. Вядомы даследчык эпохі С. Т.Ніпэрдэй вызначыў наступныя асноўныя дасягенні ўрапейскага грамадства ў тыя часы:

  1. Еўропа паўстала ў Сярэднявеччы. С. стварае сучасныя еўрапейскія народы. Еўропа – гэта з сярэднявечных часоў культурна самастойныя, аднак між сабою звязаныя народы і дзяржавы на этнічнай аснове, якія суіснавалі з надэтнічнымі дынастычнымі імперыямі.

  2. Спрэчка між духоўнай і свецкай уладамі характарызуе сярэднявечную Эўропу. Еўрапейская сістэма біпалярная: гэта стварае прастору як свабоды, так і незвычайнае напругі і дынамікі. Хрысціянства выразна аформіла бясцэнную свабоду індывіда, застаючыся рэлігіяй сумлення. Сярэднявечная ж тэалогія спрыяла ўсталяванню і легітымізацыі рацыянальнага. Там, дзе свет абязбожваецца, ён адкрываецца планаванаму ўмяшальніцтву чалавека, дзе ў ручаінах і рэках больш няма німфаў і ды іншых нечалавечых істотаў, можна без клопату будаваць млын.

  3. У С. адукацыя і навука, інстытуцыялізаваныя ў універсітэт, становяцца адной з фундаментальных структур Еўропы. Універсітэты і навука – адна з першаасноў сучаснага свету. Універсітэт паўстае ў сярэднявечнай сыстэме прывілеяў, свабодаў ды імунітэтаў. Ён быў самастойнай арганізацыяй паміж палітычнай уладай і царквой.

  4. Феадалізм – сацыяльная сістэма з іерархічнай разгалінаванай структурай свабодаў, залежнасцяў і карпаратыўных сувязяў. Сучасны свет індустрыі мог паўстаць толькі ў Еўропе і Японіі, а значыць менавіта там, дзе мелася федальная структура: падзеленасць, шматстайнасць, аўтаномія, канфлікты і рэгуляванне канфліктаў, а гэтым і элемент нясучай дынамікі, чаго не знаходзім у іншых грамадствах – у Кітаі, Індыі, свеце ісламу.

  5. Горад, які з’яўляецца не проста пасяленнем, але ў рамках рымскага права ды яго сярэднявечных трансфармацый і прававой формай, што ёсць гарадское самакіраванне і аўтаномія, што гарадское паветра робіць чалавека свабодным, тут развіваецца рацыяналізм, этас працы і заробку, мірных, а не ваенных здольнасцяў, спецыфічная культура і адукацыя.

  6. Сярэднявечная культура ў вялікай ступені культура прававая: права тут непарушнае і пастаяннае, яно пранікае ў царкоўную, феадальную ўладную сістэму. Гэта свет прывілеяў і вольнасцяў, за якія змагаюцца станы, гарады, цахі, універсітэты.



12 4. Культурныя ўплывы заходняй (лацінскай) Еўропы на беларускія землі ў 12-14 ст. Развіццё беларускай готыкі

Культурныя ўплывы лацінскай Еўропы дасягалі і беларускіх земляў. У 12-13 ст. сюды пранікае лацінская кніжнасць. Некаторыя даследчыкі знаходзяць у кніжнай мініацюры таго часу раманскія і гатычныя ўплывы. Верагодна, што ў Тураўскім княстве пабывала славутае Трырскае Евангеле альбо Кодэкс Гертруды, адна з лацінскіх кніг, якія патраплялі ў тыя часы ў рускія княствы. Заходнееўрапейскія ўплывы адчуваюцца ў культавай архітэктуры старажытнай Беларусі. У Мінску захаваліся рэшткі недабудаванага храма 12 ст., які, на думку даследчыкаў, меў рысы раманскай архітэктуры. Паводле меркавання гісторыкаў, гэты храм маглі будаваць дойліды з Польшчы.

У 12 ст. пачынаецца вайсковая экспансія Заходняй Еўропы на ўсходняе ўзбярэжжа Балтыкі. Перадавой сілай тут сталі мілітарныя ордэны рыцараў-манахаў. У айчыннай гістарыяграфіі звычайна робіцца акцэнт на гераічнай барацьбе нашых продкаў з крыжакамі, што несумненна належыць да адной з самых яркіх і рамантычных старонак далёкага мінулага Беларусі. Аднак узаемаадносіны нашых продкаў з крыжацкімі дзяржавамі не вычэрпваліся толькі ўзброенымі сутыкненнямі. Можна таксама весці гаворку пра інтэнсіўныя эканамічныя і культурныя кантакты. Яскравым пацверджаннем гэтага служаць мірныя дамовы Полацка і Смаленска з Гоцкім берагам і Рыгай. Праз крыжакаў пранікалі на беларускія землі новыя тэхнікі мураванага будаўніцтва. Выразныя рысы заходнееўрапейскага дойлідства мае, напрыклад, славутая Камянецкая вежа.

У 13 ст. праходзіць генезіс новага дзяржаўнага ўтварэння – Вялікага княства Літоўскага, у якім аб’ядналася насельніцтва літоўскіх і беларускіх земляў. Барацьба з крыжакамі стала адным з важных фактараў гэтага аб’яднання. У гэты ж перыяд узмацняецца працэс пранікнення заходнееўрапейскай культуры на беларускія землі. Пры двары першага вялікага князя Міндоўга ўжо былі каталіцкія манахі. Адзін з іх стаў аўтарам славутага “Апісання зямель“ у Дублінскім рукапісе (захоўваецца ў Дублінскай бібліятэцы ў Ірландыі), дзе ўпершыню ў лацінскіх тэкстах мы сустракае назоў Белая Русь. Праўда, няпроста адказаць на пытанне, ад якіх канкрэтна зямель адносіў гэтую назву невядомы нам аўтар.

З усіх гарадоў Беларусі ў найбольшай ступені адчувала націск рыцараў-тэўтонаў Гародня, вытрымаўшы шматразова іх збройныя набегі. Аднак, зноў жа, войны чаргаваліся з мірнымі дамовамі і актыўнымі гандлёвымі кантактамі. Патрэбна адзначыць, што крыжацкі Тэўтонскі ордэн уяўляў сабой адну з найбольш развітых краін у Еўропе. На ордэнскіх землях вялося актыўнае будаўніцтва замкаў і храмаў, была створана добрая сістэма адукацыі, а магістр ордэна намагаўся адчыніць універсітэт.

Гарадзенскі князь Вітаўт, які найчасцей кантактаваў з крыжакамі, нават дазволіў апошнім у канцы 14 ст. за аказаную імі вайсковую паслугу пабудаваць замак Новая Гародня (Noue Garden), які, праўда, хутка сам жа і разбурыў. У горадзе над Нёманам дзейнічаў нямецкі рынак, што сведчыла пра наяўнасць тут вялікай колькасці іншаземных гандляроў. Пры Вітаўце ў Гародні быў пабудаваны драўляны фарны касцёл (самы вялікі на той час на беларускіх землях), а ў 1398 г. – мураваны замак у гатыцкім стылю (фрагменты руінаў гэтага замку захаваліся да нашага часу). Вітаўт таксама надаў у 1393 г. гарадзенскім габрэям частковае Магдэбургскае права, што сведчыла аб пранікненні на беларускія землі еўрапейскіх прававых нормаў. Доўгая і працяглая барацьба з Тэўтонскім ордэнам завершылася разгромам крыжацкага войска ў славутай бітве пад Грунвальдам у 1410 г. Пасля гэтага мірныя кантакты беларускіх земляў з лацінскай Еўропай сталі яшчэ больш актыўнымі.

Аднак нашыя продкі не былі толькі спажыўцамі еўрапейскіх культурных каштоўнасцяў, але і самі маглі экспартаваць на захад уласныя культурныя дасягненні. Яскравым прыкладам з’яўляецца той факт, што калі вялікі князь Ягайла быў абраны польскім каралём, дык ён запрасіў у Польшчу беларускіх жывапісцаў, якія распісалі фрэскамі каралеўскія палацы і капліцы ў Кракаве і Любліне. Гэтыя роспісы з’яўляюцца выдатным помнікам як беларускага сярэднявечнага мастацтва, так і культурных абменаў і ўзаемаўплываў той эпохі.

Уплывы заходнееўрапейскай культуры на беларускія землі ў 14-16 ст. асабліва яскрава праявіліся ў мураваным дойлідстве. Гатыцкія замкі і храмы той эпохі, што захаваліся да сённяшняга дня, ствараюць залаты фонд культурнай спадчыны нашай краіны. Яшчэ ў 1323 г. вялікі князь Гедымін запрасіў у Вільню майстроў з нямецкіх гарадоў, каб садзейнічаць развіццю рамёстваў у ВКЛ. Сярод тых, хто адгукнуўся на гэтае запрашэнне, было нямала дойлідаў, якія прынеслі з сабой новую тэхніку мураванага будаўніцтва. Іншаземцы звычайна былі прыдворнымі дойлідамі вялікага князя. Менавіта тады былі пабудаваны замкі-кастэлі ў Лідзе, Крэве і Медніках, руіны якіх і ў наш час уражваюць сваёй суровай прыгажосцю. Тэхніка будавання замкаў-кастэляў хутчэй за ўсё была запазычана ў тых жа рыцараў-тэўтонаў, якія пакрылі густой сеткай такіх замкаў усю тэрыторыю сваёй тэакратычнай дзяржавы. Як мы вышэй ужо адзначылі, князь Вітаўт пабудаваў мураваны замак у гатычным стылі ў Гародні. Як мяркуюць спецыялісты, гэты замак меў характэрныя для готыкі стромкія дахі і скляпенні княскага палаца і абарончых вежаў.

Самым яркім узорам беларускай замкавай готыкі стаў славуты Мірскі замак. Гэты замак быў збудаваны ў пачатку 15 ст. князем Юры Іллінічам, а пазней перайшоў ва ўласнасць магутных Радзівілаў. Як адзначаюць спецыялісты, Мірскі замак ужо спалучаў элементы готыкі і рэнесансу. Рэнесансныя рысы найперш праявіліся ў знешнім дэкоры сцен. Гатычныя рысы мелі яшчэ цэлых шэраг прыватнаўласніцкіх замкаў ВКЛ, якія належалі багатым феадалам.

Унікальнымі помнікамі беларускай готыкі сталі храмы-крэпасці. На тэрыторыі Гарадзеншчыны такія цэрквы абарончага тыпу цудоўна захаваліся ў Сынковічах і Мураванцы. Гэтыя храмы, збудаваныя, на думку даследчыкаў, у першай палове 16 ст., маюць магутныя сцены, гатычныя скляпені і па чатыры кутавыя вежы з байніцамі-машыкулямі. Нам невядомы імёны іх будаўнікоў, як, дарэчы, і стваральнікаў многіх іншых архітэктурных помнікаў той эпохі. Магчыма гэта былі іншаземцы, а магчыма і мясцовыя майстры, якія засвоілі тэхніку пабудовы ў гатычным стылі, спалучыўшы яе з мясцовымі будаўнічымі традыцыямі. Яшчэ адзін велічны храм абарончага тыпу быў узведзены ў мястэчку Супрасль (цяпер тэрыторыя Падляшскага ваяводства Рэспублікі Польшча). Гэта была царква славутага Супрасльскага праваслаўнага манастыра. Апроч чатырох кутавых вежаў яна мела яшчэ вельмі складаную паводле тэхнічнага выканання цэнтральную вежу, што нагадвала пра традыцыю будаўніцтва крыжовакупальных храмаў на беларускіх землях у 12 ст. Усе ўнутраныя сцены царквы былі распісаны цудоўнымі фрэскамі, ад якіх захаваліся на сённяшні дзень толькі асобныя фрагменты. Кіраваў працай жывапісцаў нейкі сербін Нектарый, які паходзіў з Балканаў. Яго дзейнасць становіць яшчэ адзін яркі прыклад культурных узаемаўплываў той эпохі. Храм быў разбураны немцамі ў часе другой сусветнай вайны і адносна нядаўна адноўлены польскай дзяржавай.

У гатычным стылі будаваліся таксама першыя каталіцкія касцёлы на беларускіх землях. Да нашых дзён захаваліся касцелы 15-16 ст. у Ішкалдзі, Уселюбе, Гнезна. Гэтыя храмы маюць рысы познееўрапейскай готыкі. Гатычныя рысы меў таксама мураваны фарны касцёл у Гародні, які пры каралі Рэчы Паспалітай Стэфане Баторы быў узведзены замест драўлянага касцёла часоў князя Вітаўта (гэты храм быў узарваны савецкімі ўладамі ў 1961 .) Усяго ў 14-16 ст. у Беларусі было ўзведзена даволі шмат мураваных будынкаў у гатычным стылі, а знешні выгляд мясцовых гарадоў, мястэчкаў, замкаў і манастыроў станавіўся ўсё болей падобным да заходнееўрапейскіх, не губляючы, аднак, пры гэтым і свае вельмі арыгінальныя рысы, абумоўленыя захаваннем уплываў старажытнабеларуска-візантыйскіх узораў.

Такім чынам, пачынаючы з 13 ст. назіраецца ўсё больш актыўнае пранікненне ўзораў заходнееўрапейскай культуры на беларускія землі. Гэты працэс ішоў паралельна з аслабленнем візантыйскіх культурных уплываў, паколькі Візантыя ўсё болей слабла пад ціскам знешніх заваёўнікаў. У будучым гэтыя працэсы прадвызначылі культурна-цывілізацыйную пераарыентацыю палітычных элітаў Беларусі.
Літаратура

  1. Гісторыя Беларусі. Ч.1. Ад старажытных часоў да канца ХУІІІ ст. Мінск, Лекцыі 11,16.

  2. Гісторыя Беларусі. Т.1.Старажытная Беларусь. Мінск, 2000.

  3. Лазука Б.А. Гісторыя мастацтва. Мінск:“Беларусь“, 1996. С.66-109.

  4. Мировая художественная культура: Учебное пособие. Москва, 1997. С.104-153.

  5. Сагановіч Г. Нарыс гісторыі Беларусі ад старажытнасці да канца ХУІІІ ст. Мінск: "Энцыклапедыкс", 2001. С.48-58..

  6. Ле Гофф Ж. Цивилизация средневекового Запада. Москва:Прогресс, 1992.

  1   2   3   4   5   6   7   8


Лекцыя 1..Еўрапейская цывілізацыя і культура
Учебный материал
© nashaucheba.ru
При копировании укажите ссылку.
обратиться к администрации